Да палітзняволенага Мікалая Дзядка з другой спробы патрапіў адвакат
Да палітзняволенага Мікалая Дзядка, які адбывае пакаранне ў калоніі №9 у горадзе Горках Магілёўскай вобласці, з другой спробы патрапіў адвакат.
Па словах бацькі палітвязня, Аляксандра Дзядка, сустрэча і размова была кароткай – каля паўгадзіны.
– Скаргаў ён не выказваў пакуль, усё нармальна пакуль. Мы зрабілі яму падпіску на газеты: “Наш Ніва”, “Народная Воля”, “Бел. газета” – усё даходзіць кепска, бо нумароў не дастаўляюць. Спрабуем разбірацца з адміністрацыяй, гаварылі па тэлефоне, яны кажуць: “Што прыносяць, мы перадаем!” Вось такое замкнёнае кола атрымліваецца.
Сацыяльны актывіст Мікалай Дзядок раней быў асуджаны на 4 годы і 6 месяцаў па артыкуле аб хуліганстве і цалкам адбыў гэты тэрмін. Аднак супраць яго была распачатая новая справа – нібыта за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі турмы №4 гораду Магілёву. Малады чалавек быў асуджаны яшчэ на 1 год і 3 дні зняволення.
У Горацкай калоніі №9 ціск на Мікалая Дзядка працягнуўся. Ён трапіў у карцар, а з 30 чэрвеня на 6 месяцаў змешчаны ў памяшканне камернага тыпу.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя