Да расейцаў на беларуска-ўкраінскай мяжы будзе ўзмоцненая ўвага
Да грамадзян Расеі на беларуска-ўкраінскай мяжы будзе асаблівая ўвага, паведаміў пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім 27 лістапада на брыфінгу ў Менску.
„У сувязі з увядзеннем ваеннага становішча ў некаторых рэгіёнах Украіны да грамадзян некаторых краін, у першую чаргу Расеі, будзе прыменены асаблівы кантроль. Таму відавочна, што да іх, у тым ліку на беларуска-ўкраінскай мяжы, будзе ўзмоцненая ўвага”, — сказаў ён.
Да праверкі грамадзян Расеі будуць ставіцца „больш пільна”, бо ва Украіну прыязджае шмат правакатараў, дадаў Кізім.
Дыпламат паведаміў, што ваеннае становішча дае магчымасць кіраўнікам прымаць рашэнні, якія нельга аспрэчваць. „Магчыма, узмацняючы кантроль для грамадзян Расеі, памежныя службы будуць працаваць на апярэджанне”, — сказаў ён.
Украінскі пасол не стаў звязваць вяртанне з аэрапорта Кіева ў Мінск грамадзян Расеі з увядзеннем ваеннага становішча. Паводле яго слоў, расіяне, верагодна, не змаглі выразна растлумачыць неабходнасць свайго наведвання Украіны. Кізім дадаў, што грамадзяне Расеі ў постсавецкіх краінах адчуваюць сябе гаспадарамі, аднак для ўкраінцаў яны найперш замежныя грамадзяне.
Як паведамляў БелаПАН, украінскі бок вярнуў ў Менск каля 50 расіян, якія прыляцелі 26—27 лістапада некалькімі рэйсамі „Белавія” ў Кіеў. У беларускім пагранкамітэце адзначылі, што ад украінскага боку не паступала ніякай інфармацыі аб змяненні парадку перасячэння дзяржаўнай мяжы Украіны замежнымі грамадзянамі, у тым ліку з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
26 лістапада ў 10 рэгіёнах Украіны на 30 дзён ўведзена ваеннае становішча. Прычынай стаў ўзброены захоп трох украінскіх караблёў расійскімі памежнікамі ў раёне Керчанскага праліва 25 лістапада.