Да трэцяга пакета санкцый ЕЗ у дачыненні да Беларусі далучыўся Ліхтэнштэйн



Шэсць краін далучыліся да трэцяга пакета санкцый, якія Еўразвяз увёў у дачыненні да Беларусі, гаворыцца ў заяве вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля, апублікаванай 26 студзеня на сайце Савета ЕЗ.

Акрамя Паўночнай Македоніі, Чарнагорыі, Албаніі, Ісландыі і Нарвегіі, аб якіх паведамлялася раней, да санкцый далучыўся Ліхтэнштэйн.

„Яны будуць сачыць за тым, каб іх нацыянальная палітыка адпавядала рашэнню Рады ЕЗ, — адзначыў Барэль. — Еўрапейскі Звяз прымае да ведама гэта абавязацельства і вітае яго”.

Першы пакет Еўразвяз увёў у пачатку кастрычніка, уключыўшы ў санкцыйны спіс 40 беларускіх грамадзян, якія маюць дачыненне, на думку Бруселя, да фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту ў дачыненні да пратэстоўцаў. У спіс трапілі члены Цэнтрвыбаркама, кіраўніцтва і супрацоўнікі сілавога блока.

Другі пакет санкцый ЕЗ быў прыняты 6 лістапада. У новы спіс уключаныя Аляксандр Лукашэнка і яго старэйшы сын, памочнік па нацыянальнай бяспецы Віктар Лукашэнка, а таксама кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка, старшыня КДБ Іван Церцель, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Раман Мельнік, старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч і яго намеснікі Сяргей Аземша і Андрэй Смаль, старшыня Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Аляксей Волкаў (раней займаў пасаду першага намесніка кіраўніка СК), кіраўнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра Андрэй Паўлючэнка, намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі, прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант, камандзір групы „Альфа” (спецназ) Сяргей Зубкоў, былы дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў і старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч.

Трэці пакет санкцый быў прыняты 17 снежня. У яго ўключаныя як фізічныя, так і юрыдычныя асобы. У спіс трапілі ЗАТ „Белтэхэкспарт”, „Дана Холдынгз/Дана Астра”, галоўнае гаспадарчае ўпраўленне Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ТАА „Сінезіс”, ААТ „АГАТ — электрамеханічны завод”, ААТ „140 рамонтны завод” і ААТ „Мінскі завод колавых цягачоў”.

Санкцыі таксама ўведзеныя ў дачыненні да віцэ-прэм’ера Анатоля Сівака, кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Івана Эйсманта, старшыні Гродзенскага аблвыканкама (былога міністра аховы здароўя) Уладзіміра Караніка, старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, міністра інфармацыі Ігара Луцкага і яго былога намесніка Паўла Лёгкага, генеральнага пракурора Андрэя Шведа, намесніка кіраўніка справамі прэзідэнта Генадзя Багдана, бізнесменаў Аляксандра Шакуціна і Мікалая Вараб’я.

У спісе таксама: першы намеснік камандуючага ўнутранымі войскамі Ігар Бурмістраў, старшы інспектар дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК Арцём Дунько, начальнік упраўлення прафілактыкі МУС Алег Каразей, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Дзмітрый Кур’ян, старшыня Менаблвыканкама Аляксандр Турчын, намеснік начальніка аддзела па масавых мерапрыемствах ГУУС Менгарвыканкама Дзмітрый Шумілін, намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Гародні Віталь Стасюкевіч, начальнік Савецкага РУУС Менска Сяргей Каліннік і яго намеснік Віктар Станіслаўчык, начальнік Маладзечанскага РАУС Вадзім Прыгара.

У санкцыйны спіс уключаныя суддзі Аляксандр Петраш, Вікторыя Шабуня, Алена Жывіца, Андрэй Лагуновіч, Алена Някрасава, Марына Фёдарава, Алена Літвіна, Юлія Густыр, Наталля Дзядкова.

Варта адзначыць, што з 2006 года санкцыі ЕЗ дзейнічаюць у дачыненні да Уладзіміра Навумава, Віктара Шэймана, Юрыя Сівакова і Дзмітрыя Паўлічэнкі. На думку ЕЗ, яны датычныя да знікненняў апанентаў улады ў 1999—2000 гадах.

29 верасня Вялікабрытанія і Канада ўвялі санкцыі супраць васьмі службовых асоб Беларусі, уключаючы Аляксандра Лукашэнку, за фальсіфікацыю выбараў і парушэнні правоў чалавека, у тым ліку жорсткае абыходжанне з мірнымі дэманстрантамі. Санкцыі ўключаюць забарону на ўезд гэтых асоб на тэрыторыю Вялікабрытаніі і Канады і замарозку іх актываў у гэтых краінах. 6 лістапада Канада абвясціла, што далучаецца да санкцый, якія да Беларусі ўвёў Еўразвяз.

Да санкцый ЕЗ у дачыненні да Беларусі таксама далучыліся Швейцарыя, Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія і Украіна (падтрымала толькі першы пакет санкцый).

belapan.by