Да Уладзіміра Някляева не пускаюць адваката



Адвакат арыштаванага на 5 сутак паэта і палітыка Уладзіміра Някляева чарговы раз не здолела патрапіць да свайго падабароннага.  Пра гэта паведаміла жонка Уладзіміра Някляева Вольга:

– Адвакат быў зраніцы і пазней прыходзіў. І першы, і другі раз сказалі чакаць, бо ўсе пакоі занятыя. Але я ў гэта не веру, бо была на Акрэсціна а палове на дзявятую і чакала адваката. І ніхто туды не заходзіў. Сказалі, што ціск мералі і ўсё ў яго ў парадку.

Але які стан здароў’я Уладзіміра Някляева на самой справе, невядома. Адзін з грамадзянаў, які адбываў адміністрацыйнае пакаранне і знаходзіўся ў адной камеры з арыштаваным паэтам і палітыкам, пасля свайго вызвалення пазваніў Вользе Някляевай. Ён паведаміў, што ў яе мужа высокі ціск. Але адміністрацыя цэнтру ізаляцыі адмаўляецца выклікаць хуткую дапамогу, – распавяла Вольга Някляева.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя