Дачка Юрыя Захаранкі сустрэлася з Гараўскім



Дачка зніклага былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі Алена сустрэлася ў Цюрыху з Юрыем Гараўскім, які прызнаўся, што ўдзельнічаў у забойстве яе бацькі.

Пра гэта паведаміла 17 лютага „Нямецкая хваля”, якая ў снежні мінулага года апублікавала відэапрызнанне былога байца спецыяльнага атрада хуткага рэагавання (САХР).

Пра сустрэчу з Гараўскім дачка Захаранкі папрасіла сама, адзначае „Нямецкая хваля”. Ёй было важна „паглядзець яму ў вочы — яна ўпэўненая, што так зможа зразумець, ці гаворыць ён праўду”. „Мы доўгі час думалі, што бацьку забівалі павольна, разбіраючы яго. Гэта было невыносна. Мне трэба ведаць, што гэта адбылося хутка. Я хоць неяк супакою сваю душу, — сказала Алена Захаранка. — Я не еду заклікаць яго да сумлення, я не еду з вайной. Я разумею, што ён апынуўся ў віры паліцэйскай машыны. У яго не было выйсця. Я яго не вінавачу”.

На сустрэчу з Захаранкам Гараўскі пагадзіўся не адразу: баяўся, што яна на яго „накінецца, пачне вінаваціць”. Але потым перадумаў: „У фільме (зняты „Нямецкай хваляй” на аснове інтэрв’ю Гараўскага. — БелаПАН.) яна сказала, што вінаваты не я, а сістэма. Так і ёсць. Мне было ў той час 20 гадоў. Я не ініцыяваў забойства яе бацькі”.

„Я глядзела яму ў вочы, і ён мне таксама. Я адчувала бязмежнае пачуццё віны з яго боку. Але гэта вельмі цяжка, цяжкі асадак. Мне цяжка гэта ўсё ўсведамляць, наогул пра гэта думаць”, — сказала Алена Захаранка пасля сустрэчы. Яна спадзяецца, што пасля прызнанняў у саўдзеле ў забойствах былы сахравец застанецца ў жывых і раскажа тое ж самае ў судзе. Гараўскі заявіў ёй, што гатовы адседзець за гэтыя злачынствы — але ў Еўропе.

16 снежня 2019 года „Нямецкая хваля” апублікавала інтэрв’ю з Гараўскім, які прызнаўся ў дачыненні да знікнення і забойства былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, а таксама былога кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага (адпаведна 7 мая і 16 верасня 1999 года). Згодна са сцвярджэннем Гараўскага, усіх траіх застрэліў камандзір САХРа Дзмітрый Паўлічэнка.

Гараўскі папрасіў прыстанку ў Швейцарыі.

belapan.by