Адкуль даходы?
Гадавы даход кандыдата Алы Сопікавай у два разы большы, чым трох іншых кандыдатаў разам узятых.
Раённая газета “Слонімскі веснік” на першай старонцы ад 13 жніўня апублікавала звесткі пра чатырох кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Слонімскай выбарчай акрузе № 58: Міхаіла Караткевіча, Алы Сопікавай, Алеся Масюка і Івана Шэгі.
Жыхароў Слонімшчыны найбольш зацікавіла інфармацыя пра гадавыя даходы за мінулы год кожнага з кандыдатаў у дэпутаты. Пра гэта яны сёння вядуць гутаркі і разважанні.
Калі выбаршчыкі азнаёміліся з даходамі кандыдатаў, то найбольш іх здзівіў гадавы даход кандыдата ў дэпутаты Алы Сопікавай. Яе гадавы даход за 2015 год склаў 288 485 596 недамінаваных рублёў. Гэта ў два разы больш, чым гадавы даход трох іншых кандыдатаў разам узятых па Слонімскай выбарчай акрузе № 58.
Вольга Рагозік, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім