Даклад праваабаронцаў затрымалі на мяжы



Даклад The Equal Rights Trust і Беларускага Хельсінкскага Камітэту затрыманы на мяжы і правяраецца аддзелам кантрабанды. Пра гэта паведаміў старшыня БХК Алег Гулак. Разам з тым, беларускія праваабаронцы атрымалі ліст з Адміністрацыі Прэзідэнта пра тое, што інфармацыя, выкладзеная ў дакладзе, „прынятая да ведама”.

Сумесны даклад брытанскіх і беларускіх праваабаронцаў „За паўгадзіны да вясны: даклад аб дыскрымінацыі і няроўнасці ў Беларусі”, надрукаваны ў Вялікабрытаніі і дасланы поштай у Беларусь, быў затрыманы мытняй у аэрапорце “Мінск-2”:

– Зараз мы можам гаварыць толькі пра свае меркаванні. Таму што ніякіх тлумачэнняў ці нейкіх афіцыйных папер мы пакуль што не атрымалі. Мы ведаем толькі, што быў папярэдні агляд груза, зроблены мытняй. Мытня не ўбачыла ніякіх прыкметаў правапарушэння. Але пасля гэта ўсё было перададзена ў аддзел па кантрабандзе, прызначана экспертыза і тэрміны праверкі працягнуты да 31 жніўня.

Першая партыя такіх жа кніг прыйшла ў Беларусь у ліпені, і прайшла мытную праверку без аніякіх пытанняў. Даклад праваабаронцаў з’яўляецца першай вялікай справаздачай аб дыскрымінацыі і няроўнасці ва ўсіх сферах жыцця ў Беларусі. Ён таксама дае шэраг дэтальных рэкамендацый беларускім уладам, якія датычацца неабходных рэформаў, між іншым, у заканадаўстве і палітыцы.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота spring96.org