Дакладчык ПАСЕ запрошаны ў Менск для абмеркавання праблемы смяротнага пакарання
Дакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) па сітуацыі ў Беларусі Андрэа Рыгоні запрошаны наведаць Менск у лістападзе. Пра гэта БелаПАН паведаміў старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, кіраўнік рабочай групы Нацыянальнага сходу па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання Андрэй Навумовіч.
Паводле яго слоў, запрашэнне было перададзенае на мінулым тыдні, калі беларуская дэлегацыя была ў Страсбургу для ўдзелу ў абмеркаванні сітуацыі ў Беларусі на пасяджэнні камітэта ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі.
„Рыгоні запрошаны для сустрэчы з беларускімі дэпутатамі розных узроўняў для абмеркавання праблематыкі смяротнага пакарання”, — сказаў Навумовіч.
Чакаецца, што візіт адбудзецца ў другой палове лістапада. Плануюцца сустрэчы з дэпутатамі ў Менску і ў Валожынскім раёне. „Дакладныя даты пакуль не выбраныя, усё залежыць ад графіка Рыгоні”, — удакладніў Навумовіч.
Варта зазначыць, што, выступаючы ў ліпені гэтага года на 26-й сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Менску, Аляксандр Лукашэнка заявіў: Беларусь „чуе заклікі сусветнай супольнасці” і паступова прыйдзе да адмены практыкі прымянення смяротнага пакарання.
Увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне можа стаць першым крокам на шляху ўступлення Беларусі ў Савет Еўропы. У 1993 годзе беларускі парламент атрымаў статус спецыяльнага запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, але ў 1997-м быў пазбаўлены яго пасля рэферэндуму, які захаваў смяротнае пакаранне.
За апошнія 20 гадоў у Беларусі было пакарана больш за 400 чалавек, толькі адзін з асуджаных да смяротнага пакарання быў памілаваны кіраўніком дзяржавы.