Дакументы на рэгістрацыю кандыдатамі ў прэзідэнты падалі сем чалавек



Дакументы на рэгістрацыю кандыдатамі ў прэзідэнты Беларусі падалі сем чалавек, паведаміла БелаПАН старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. Апошнім, 2 ліпеня, быў пададзены пакет дакументаў ад ініцыятыўнай групы дзейнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі.

Раней неабходныя дакументы падалі Віктар Бабарыка, Валерый Цапкала, Святлана Ціханоўская, Сяргей Чэрачэнь, Ганна Канапацкая і Андрэй Дзмітрыеў.

Што да Цапкалы, у якога пасля праверкі сапраўднымі былі прызнаныя толькі 75 тысяч подпісаў з неабходных 100 тысяч, то, як растлумачыла Ярмошына, паколькі ён падаў дакументы на рэгістрацыю ў ліку першых, яшчэ да завяршэння праверкі, яго заява таксама будзе разглядацца ЦВК. Камісія разгледзіць усе пададзеныя заявы, дадала Ярмошына.

Рашэнні аб рэгістрацыі або нерэгістрацыі прэтэндэнтаў кандыдатамі будуць прынятыя 14 ліпеня.

Першапачаткова аб сваіх прэзідэнцкіх амбіцыях абвясцілі 15 чалавек, затым восем з іх з розных прычын спынілі ўдзел у выбарчай кампаніі.

30 чэрвеня Цэнтрвыбаркам апублікаваў звесткі аб колькасці подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты.

У Аляксандра Лукашэнкі прызнаныя сапраўднымі 1.939.572 подпісы. Кіраўнік яго выбарчага штаба Міхаіл Орда паведаміў, што сабрана прыблізна 2 млн подпісаў.

У Віктара Бабарыкі сапраўднымі прызнаныя 165.744 подпісы, хоць яго штаб заяўляў, што сабрана амаль 435 тысяч подпісаў, але з аб’ектыўных прычын здадзена 365 тысяч.

У Ганны Канапацкай прызнаныя сапраўднымі 146.588 подпісаў, хоць сама яна заяўляла журналістам, што падала крыху больш за 110 тысяч вывераных подпісаў.

У Сяргея Чэрачня ЦВК прызнала сапраўднымі 143.109 подпісаў. Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта паведамляў аб зборы 106,5 тысячы.

У Андрэя Дзмітрыева сапраўднымі прызнаны 106.841 подпіс. Ён паведамляў пра 107 тысяч сабраных подпісаў.

У Святланы Ціханоўскай прызнаныя сапраўднымі 104.757 подпісаў. Яе ініцыятыўная група перадала ў выбаркамы прыкладна 110 тысяч подпісаў, яшчэ 38 тысяч з розных прычын каманда здаць не паспела.

У Валерыя Цапкалы прызнаныя сапраўднымі 75.249 подпісаў. Сам прэтэндэнт заяўляў аб здачы 160 тысяч пры сабраных 200 тысячах подпісаў.

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта, які сабраў больш за ўсіх подпісаў пасля Аляксандра Лукашэнкі, — былы старшыня праўлення „Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка — цяпер знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Ён, а таксама яго сын і кіраўнік яго ініцыятыўнай групы Эдуард Бабарыка былі затрыманыя 18 чэрвеня паводле падазрэння ў здзяйсненні эканамічных злачынстваў. Вядома, што ім выстаўленыя абвінавачанні, але адвакатам забаранілі паведамляць, па якіх менавіта артыкулах Крымінальнага кодэкса.

У дзень затрымання старшыня Камітэта дзяржкантролю Іван Церцель паведаміў: Віктар Бабарыка „затрыманы ў сувязі з тым, што з’яўляўся непасрэдным арганізатарам і кіраўніком супрацьпраўнай дзейнасці, паспрабаваў уздзейнічаць на сведак, схаваць сляды раней учыненых злачынстваў і літаральна днямі зняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў”. Паводле слоў старшыні КДК, у межах расследавання распачатыя справы на падставе шасці артыкулаў КК.

За некалькі дзён да гэтага ў „Белгазпрамбанку” і шэрагу іншых камерцыйных кампаній прайшлі вобшукі. Лукашэнка публічна заявіў, што праверка дзейнасці банка, якім да выбарчай кампаніі кіраваў Бабарыка, праводзіцца паводле яго даручэння. Пры гэтым дзейны кіраўнік дзяржавы сцвярджаў, што ніякай палітычнай падаплёкі ў справе няма.

Бабарыка звязаў тое, што адбываецца, са сваёй палітычнай дзейнасцю. „Маштабнасць гэтай акцыі беспрэцэдэнтная. Яна праводзіцца ў межах перадвыбарнай кампаніі, і, з майго пункта гледжання, відавочна, што яна мае палітычны характар”, — заявіў ён за некалькі дзён да свайго затрымання.

„Міжнародная амністыя” прызнала Віктара Бабарыку і яго затрыманых паплечнікаў палітычнымі зняволенымі.

Выбары прэзідэнта Беларусі прызначаныя 9 жніўня.

belapan.by