Дарадца Ціханоўскай: Наступны пакет санкцый ЕЗ будзе ў пачатку 2021 года



 Наступны, чацвёрты, пакет санкцый Еўрапейскага звяза ў дачыненні да Беларусі з`явіцца ў пачатку 2021 года, паведаміў журналістам дарадца экс-кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай па міжнародных адносінах, аналітык Атлантычнага савета і віцэ-прэзідэнта платформы Digital Communication Network Франак Вячорка.

Каментуючы прыняцце Саветам ЕЗ трэцяга пакета санкцый у дачыненні да Беларусі, Вячорка адзначыў, што спіс асоб, якія ў яго трапілі, „быў істотна скарочаны”, сярод іншых з яго выключылі бізнесмена Аляксея Алексіна. Дарадца Ціханоўскай назваў дасягненнем той факт, што ў санкцыйны спіс трапілі не толькі фізічныя асобы, але і кампаніі.

Вячорка зрабіў здагадку, што працэдура прыняцця санкцый ЕС можа паскорыцца пасля прыняцця Злучанымі Штатамі Акта аб дэмакратыі ў Беларусі. Акрамя таго, паводле яго слоў, мяркуецца, што краіны Балтыі ўвядуць ўласныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі ў дадатак да санкцый Еўрасаюза. Ён таксама паведаміў, што нейкую частку фізічных асоб могуць уключыць у санкцыйны спіс у рамках прынятага 7 снежня „еўрапейскага акта Магніцкага”.

Трэці пакет быў прыняты 17 снежня. Санкцыі прадугледжваюць забарону на ўезд у Еўрасаюз і замарожванне рахункаў як фізічных, так і юрыдычных асоб. Акрамя таго, рэзідэнтам ЕС прама або апасродкавана забаронена даваць доступ да фінансавых сродкаў і супрацоўнічаць з бізнесам, занесеным у санкцыйны спіс.

У паведамленні прэс-службы Савета ЕС гаворыцца, што санкцыі прынятыя „ў адказ на жорсткасць беларускіх уладаў і ў падтрымку дэмакратычных правоў беларускага народа”. „Гэтыя санкцыі накіраваныя супраць высокапастаўленых службовых асоб, адказных за жорсткія рэпрэсіі і запалохванне мірных дэманстрантаў, прадстаўнікоў апазіцыі і журналістаў. Яны таксама нацэлены на эканамічных суб`ектаў, вядомых бізнесменаў і кампаніі, якія атрымліваюць выгаду ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ці падтрымліваюць яго, — гаворыцца ў паведамленні. — Гэтае рашэнне накіравана на тое, каб даць магутны сігнал адказным палітычным і эканамічным суб`ектам, што іх падтрымка рэжыму абыходзіцца ім дорага”.

belapan.by

Фота: nn.by