Дасягнута дамоўленасць аб 10-м пакеце еўразвязаўскіх санкцый супраць Расеі



Паміж краінамі Еўразвязу дасягнута дамоўленасць аб 10-м пакеце санкцый супраць Расеі. Польшча пагадзілася прыняць гэты пакет, заявіў пастаянны прадстаўнік Польшчы пры ЕЗ Анджэй Садось (Andrzej Sadoś). “Згода ўмоўная і залежыць ад некалькіх момантаў”, – адзначыў палітык у інтэрв’ю польскай радыёстанцыі РМФ ФМ.

Найбольш дыскусійным пытаннем стала забарона на імпарт расейскага сінтэтычнага каўчуку. Поўная забарона на яго ўвоз уступіць у сілу з сярэдзіны наступнага года.

Сярод іншых польскіх умоваў — пачатак працы над санкцыямі ў дачыненні да атамнай энергетыкі і санкцыямі ў дачыненні да расейскіх дыяментаў. Наконт гэтага ўжо ёсць палітычная дамоўленасць. Гаворка ідзе пра распаўсюджванне будучай забароны на краіны G7.

Польшча выйграла яшчэ некалькі спраў. У чорны спіс можна было дадаць расейскіх прапагандыстаў, што было вельмі важна для Украіны. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі перадаў у пятніцу ў Кіеве спіс прозвішчаў прэм’ер-міністру Польшчы Матэвушу Маравецкаму.

Акрамя таго, адбудзецца канферэнцыя аб незаконна выкрадзеных украінскіх дзецях. Акрамя польскіх уладаў да ініцыятывы далучылася таксама Еўракамісія.

У 10-ы пакет санкцый уваходзяць, сярод іншага: забарона на экспарт электронных кампанентаў, якія Расея выкарыстоўвае для вытворчасці зброі.

Беларускае Радыё Рацыя