Дата сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна пакуль не ўзгоднена
«Тэрміны правядзення пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы пакуль не ўзгодненыя», – заявіў журналістам прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў.
Першапачаткова планавалася, што 9 лютага ў Маскве пройдзе сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным, ад якой чакалася вырашэнне нафтагазавай спрэчкі, якая трывае амаль год. Тое, што беларускі ўрад трымае паўзу, сведчыць пра нязгоду Менска прыняць пакетную прапанову па ўрэгуляванні расейска-беларускага газавага канфлікту, якая прыйшла з Масквы.
Кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:
– Масква, мяркуючы па тым, што віцэ-прэм’ер Аркадзь Дварковіч зноў паўтарыў тыя ж патрабаванні (выплочвайце цалкам газавы доўг, і тады будзем далей размаўляць), таксама не зрушваецца са сваіх прынцыповых пазіцый. Ідзе вайна нерваў – я так сказаў бы. Прыхаваная, але вельмі напружаная. І двухбакова вострая.
Летась Менск у аднабаковым парадку знізіў аплату за расейскі газ, адзначыўшы, што абніжэнне цаны — «справядлівае». Расея не згадзілася на зніжэнне коштаў на газ і патрабуе сплаціць доўг, які цяпер складае 550 мільёнаў даляраў. Спробы ўрэгуляваць канфлікт дагэтуль не прынеслі плёну.
Зараз заходняя прэса ўсё часцей піша пра расейска-беларускі канфлікт. Аглядальнік выданьня The Week Robert Beckhusen напярэдадні заклікаў больш пільна прыглядацца да Беларусі, якая, паводле выдання, рыхтуецца да гібрыднай вайны з Расеяй. Цікавасьць да Беларусі тлумачыцца як крызісам у інтэграцыйыных праектах на постсавецкай прасторы, гэтак і зьменай геапалітычнай карціны Усходняй Еўропы, адзначыў Аляксандр Класкоўскі:
– Калі раней Беларусь успрымалася проста як сатэліт Масквы, то цяпер сталі заўважаць, што Лукашэнка ўпіраецца, што ён усё ж такі хоча пашырыць абсяг для геапалітычнага манеўру, знайсці нейкае апірышча на Захадзе, знайсці там крыніцы сілкавання сваёй эканомікі. І калі вельмі цынічна разглядаць, то Беларусь – гэта нейкі буфер на шляху Расеі, якая сёння стала ў вачах Захада, і асабліва ў вачах еўразвязаўскіх суседзяў, вельмі небяспечным чыннікам, крыніцай агрэсіі.
Беларусь і Расея дагэтуль ня могуць вырашыць нафта-газавы канфлікт. Прапанаваная Масквой сустрэча 9 лютага ў Маскве Пуціна і Лукашэнкі перанесеная на нявызначаны тэрмін.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.
Фота ria.ru