Датэрміновыя выбары праходзяць аднолькава па ўсёй Беларусі
Аршанскі блогер Дзмітрый Казлоў, вядомы таксама пад псеўданімам «Шэры Кот», стаў адным з найбольш актыўных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Аднак прадстаўнік кампаніі «Еўрапейская Беларусь» быў зняты з гонкі напярэдадні галасавання. У Воршы і Аршанскім раёне на навучэнцаў сярэднеспецыяльных устаноў ціснуць, незаконна патрабуючы ад іх ісці на датэрміновыя выбары, падчас якіх і адбываецца асноўны масіў фальсіфікацый. У гэтым плане сітуацыя з датэрміновымі выбарамі ў рэгіёне ніяк не адрозніваецца ад той, якая назіраецца па іншых раёнах Беларусі, лічыць Дзмітрый Казлоў.
– Пісалі наконт ВНУ ў асноўным менскіх, рэспубліканскіх, што там выхадныя прапаноўваюць і ільготы розныя, каб толькі студэнты прагаласавалі. Прымушаюць, кажуць, што абавязкова трэба пайсці, інакш будуць праблемы. Запалохваюць. Што тычыцца Воршы, у нас няма ВНУ. У нас дзве турмы і ніводнага ўніверсітэта. Але што тычыцца сярэдніх устаноў, адбываецца, верагодна, тое ж.
Дзмітрый Казлоў лічыць, што парламенцкія выбары ўжо цяпер, калі праходзіць толькі датэрміновае галасаванне, нельга лічыць празрыстымі, колькасць парушэнняў, як звычайна, высокая.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным файле:
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша