Дэкамунізацыя па-ўкраінску
На Чарнігаўшчыне, памежнай з Беларуссю, працягваецца працэс дэкамунізацыі. Усяго ў вобласці засталося перайменаваць 592 вуліцы, плошчы і алеі, названыя ў гонар партыйных і дзяржаўных дзеячаў СССР.
Вяртанне гарадскім аб’ектам і населеным пунктам гістарычных назваў ідзе вельмі марудна па прычыне відавочнага сабатажу мясцовых уладаў.
Расказвае Васіль Чэпурны, дарадца старшыні абласной дзяржаўнай адміністрацыі па пытаннях дэкамунізацыі:
— Ёсць сабатаж. Шэраг сельсаветаў заяўляе, што яны не бачаць патрэбы ў перайменаванні. Калі мы ўдзельнічалі ў грамадскіх слуханнях, дык я нібы вярнуўся ў сваю маладосць, калі мы, напрыканцы 80-х—пачатку 90-х, ездзілі па Чарнігаўшчыне і агітавалі за незалежнасць Украіны, а ў адказ чулі ўсе вось гэтыя камуністычны штампы. Але ніхто іх слухаць не будзе, бо, дзякуй Богу, закон выразны і ён будзе выкананы.
Плануецца, што працэс дэкамунізацыі ва Украіне завершыцца да 21 лютага 2016 года.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя