Дэкамунізацыя ў Беларусі пройдзе хутка?
Ва Украіне дэмантавалі больш за 1200 помнікаў Леніну. Пра гэта заявіў украінскі прэзідэнт Пётр Парашэнка падчас сустрэчы з прадстаўнікамі ўкраінскай дыяспары.
Згодна з “Законам пра дэкамунізацыю”, ва Украіне падлягаюць зносу ўсе помнікі савецкіх часоў. Таксама падлягаюць перайменаванню назвы гарадоў, вёсак і гарадскіх аб’ектаў, якім вяртаюцца гістарычныя імёны.
Шмат хто ва Украіне ўпэўнены, што дамантаж помнікаў камуністычным правадырам і вяртанне гістарычных назваў геаграфічным аб’ектам рана ці позна адбудзецца і ў Беларусі.
Пра тое, як гэта можа адбывацца, разважае Васіль Чэпурны, дарадца Чарнігаўскай дзяржаўнай абласной адміністрацыі па пытаннях дэкамунізацыі:
– Беларусы вельмі паслухмяны народ, і калі зверку будзе “ўказіўка”, то ўсё пройдзе ціха, гладка і без розных эксцэсаў. Гэта ў нас тут розныя слуханні, нейкія пратэсты, рады прымаюць рашэнні. Думаю, што ў Беларусі, калі зверху будзе такая дзяржаўная палітыка, то гэта ў вас пройдзе хутчэй і без праблем.
У Беларусі налічваецца каля 400 помнікаў Леніну. За апошнія гады толькі два з іх былі дэмантаваныя па прычыне аварыйнага стану.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя