Дэкрэт №3 не адменяць, але не будуць спаганяць цягам года



Дэкрэт №3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” адмяняць не стануць, але цягам года даручана не спаганяць адпаведны збор. Дадзенае рашэнне сёння на нарадзе пра актуальныя пытанні развіцця краіны агучыў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

„На працягу сакавіка, калі трэба, нам трэба падкарэкціраваць гэты дэкрэт. Але дэкрэт адмяняцца не будзе. Перадайце перш за ўсё чыноўнікам, што ён будзе выконвацца з тымі карэкціроўкамі, пра якія я сказаў”, – заявіў Лукашэнка.

„Я, натуральна, назіраю, наколькі гэта магчыма, і адсочваю ўсякую пісаніну ў СМІ – і апазіцыйных, і праўладных. І ведаю заявы прадстаўнікоў пятай калоны і сёе-тое яшчэ – тое, чаго грамадства не ведае. Хоць намёк у СМІ на гэта быў”, – заявіў ён.

„Гэта ідэалагічны, маральны дэкрэт. Ніякіх там вялікіх грошай дзяржава не атрымае. Мэтай гэтага дэкрэта з’яўляецца адно – прымусіць працаваць тых, хто павінен і хто можа. Гэта – галоўнае”.

belta.by