Дэкрэт „аб дармаедах”: другая спроба



Дапрацаваны варыянт дэкрэта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” (так званага дэкрэта „аб дармаедах”) накіраваны на разгляд кіраўніка дзяржавы, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Савета міністраў Уладзіслаў Сычэвіч. Абноўлены дэкрэт плануецца назваць „Па садзейнічанні занятасці”.

Дэкрэт № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 2 красавіка 2015 года. Ён абавязвае грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны і якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш як 183 каляндарныя дні ў годзе, выплачваць збор у 20 базавых велічынь. Інакш ім пагражае штраф альбо адміністрацыйны арышт.

Дэкрэт выклікаў пратэсты грамадзян, пік якіх прыйшоўся на вясну гэтага года. Вулічныя акцыі былі жорстка разагнаныя міліцыяй, іх удзельнікаў штрафавалі і каралі адміністрацыйным арыштам.

Тэрмін выплаты збору скончыўся 20 лютага 2017 года. Паводле дадзеных Міністэрства па падатках і зборах, збор выплацілі больш за 54 тыс. чалавек з 470 тыс., якім былі разасланыя паведамленні. У мясцовыя бюджэты паступіла 16,3 млн рублёў.

У пачатку ліпеня Лукашэнка распарадзіўся пачаць вяртанне збору, выплачанага па дэкрэце, але грошы вяртаюць толькі тым, хто змог працаўладкавацца. На нарадзе 3 жніўня ён заявіў, што „ніякай адмены дэкрэта № 3 быць не можа” — гаворка ідзе пра новую рэдакцыю гэтага дакумента. Кіраўнік дзяржавы даручыў ураду падрыхтаваць абноўлены варыянт да 1 кастрычніка.

14 верасня, прызначаючы новых кіраўнікоў мясцовай „вертыкалі” ўлады, Лукашэнка заявіў: „Гэта будзе ваш дакумент. Вы на месцы павінны вызначыць, хто ў вас не працуе, а павінен працаваць, і прымусіць іх усіх працаваць. У гэтым будзе асноўная сутнасць дакумента. Не з Менска трэба кіраваць гэтымі працэсамі”. „Вы павінны з імі разабрацца — вось і ўсё вырашэнне пытання. Тады яны не будуць хадзіць і крычаць „Гвалт!”. Камусьці трэба дапамагчы, некага трэба за руку прывесці на працу, кагосьці перапрафіляваць, навучыць новым спецыяльнасцям, а некага проста нахіліць”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Занятасць — пытанне вельмі важнае, „людзям трэба прапаноўваць працу, ствараць працоўныя месцы”, дадаў Лукашэнка.

belapan.by