Дэлегацыя Еўрапарламента адмяніла сустрэчу з беларускімі дэпутатамі



Адмененая запланаваная 26 лютага ў Палаце прадстаўнікоў сустрэча дэлегацыі Еўрапарламента з беларускімі дэпутатамі. Яна не адбудзецца з ініцыятывы еўрапейскага боку, паведаміў журналістам старшыня пастаяннай камісіі па міжнародных справах ніжняй палаты Андрэй Савіных.

„Са шкадаваннем вымушаныя паведаміць, што сустрэча, якая была запланаваная з дэлегацыяй Еўрапарламента, не адбудзецца, — сказаў Савіных. — Сустрэча не будзе праведзеная па віне еўрапейскага боку”.

Паводле яго слоў, беларускія дэпутаты „былі гатовыя да дыялогу ў кантэксце нашых традыцыйных каштоўнасцей у беларускай знешняй палітыцы”.

„Мы заўсёды выступаем за ўзаемавыгадны і адкрыты дыялог, — падкрэсліў Савіных. — На жаль, сёння наша працягнутая рука засталася пустой. Ну што ж, мы ў любым выпадку працягнем адкрытую палітыку. Будзем спадзявацца, што калі-небудзь нашы еўрапейскія партнёры зразумеюць значнасць і каштоўнасць такога падыходу”.

БелаПАН не ўдалося атрымаць аператыўны каментар у прадстаўніцтве Еўрасаюза пра прычыны адмены гэтай сустрэчы.

Крыніца ў Палаце прадстаўнікоў паведаміла БелаПАН, што беларускі бок аб адмене сустрэчы апавясцілі за 15 хвілін да яе меркаванага пачатку. „Відаць, у апошні момант варухнуўся стары стэрэатып, што раз не прызналі беларускі парламент, то не могуць зайсці на яго тэрыторыю. Гэта экзатычныя паводзіны, якія не ўкладаюцца ў межы цвярозага розуму, — адзначыў суразмоўца. — Адмаўляцца ад дыялогу, калі мы маем развіццё адносін з іншымі структурамі па розных тэмах, выглядае безадказным”.

Дэлегацыя Еўрапарламента 24 лютага прыбыла ў Менск. У яе складзе намеснікі кіраўніка дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Вальдэмар Тамашэўскі (Літва) і Карын Карлсбра (Швецыя), а таксама пастаянны дакладчык Еўрапарламента па Беларусі Пятрас Аўштравічус (Літва).

Мэта візіту, які будзе доўжыцца да 28 лютага, — азнаямленне новаабраных членаў Еўрапарламента з сітуацыяй у краіне і асноўнымі напрамкамі супрацоўніцтва паміж Еўрасаюзам і Беларуссю.

Падчас візіту запланаваныя сустрэчы еўрапарламентарыяў з прадстаўнікамі беларускай улады, палітычнай апазіцыі, аналітычных цэнтраў і грамадзянскай супольнасці, студэнтамі.

На сустрэчы з журналістамі 25 лютага Карын Карлсбра заявіла, што ў Беларусі і Еўрасаюза ёсць магчымасці для больш глыбокага развіцця адносін. Яна нагадала, што новы склад Еўрапарламента быў абраны летась. „Гэты візіт я расцэньваю як азнаямленчы з сітуацыяй у Беларусі і таго, як можна палепшыць нашы адносіны, — сказала еўрадэпутат. — У нас цяпер ёсць магчымасці для больш глыбокага развіцця адносін паміж ЕС і Беларуссю”. На думку парламентарыя, бакі могуць актыўна развіваць супрацоўніцтва ў трох важным абласцях: дэмакратычнае развіццё, ахова навакольнага асяроддзя і клімату, развіццё гандлю. „Правы чалавека — вельмі важная тэма для ЕС. І мы яе падымаем у нашых адносінах з усімі краінамі”, — падкрэсліла Карлсбра.

belapan.by