У Палаце прадстаўнікоў не ведаюць пра візіт дэлегацыі Еўрапарламенту (абноўлена)



Пра візіт дэлегацыі Еўрапарламенту па справах Беларусі пакуль нічога не ведаюць у Палаце прадстаўнікоў.

Хаця па словах прэсавага сакратара Міністэрства замежных спраў Дзмітрыя Мірончыка гэта Палата каардынуе падрыхтоўку парламенцкіх візітаў.

Гаворыць Начальнік упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Палаты прадстаўнікоў Галіна Паўловіч:

 – Справа ў тым, што да нас не паступала ні прапановаў з тэрмінамі, ні магчымасцямі арганізацыі гэтага візіту. Мы не маем звароту ад Еўрапарламенту па гэтых пытаннях. Не паступала ні лістоў, ні зваротаў, ні інфармацыі. Пакуль нічога не ведаем. Нам накіроўваецца ліст па дыпламатычных каналах – МЗС перанакіроўвае ў парламент. 

Паводле інфармацыі, якую радыё рацыя атрымала ў Бюро старшыні дэлегацыі Еўрапарламента па справах Беларусі, візіт дэлегацыі еўрапарламенту ў Беларусь чакаецца 18 – 19 чэрвеня. У планах сустрэчы еўрадэпутатаў, як з прадстаўнікамі афіцыйнага Менску, так і з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.

* * *

Дэлегацыя Еўрапарламента пад кіраўніцтвам старшыні дэлегацыі па справах Беларусі Богдана Здраеўскага прыедзе з двухдзённым візітам ў Менск 18 і 19 чэрвеня паведамілі ў бюро еўрадэпутата:

– Візіт ў Беларусь адбудзецца праз два тыдні – 18-19 чэрвеня. Гэта ўжо пацверджана дакладна. 

У планах дэлегацыі Еўрапарламента па справах Беларусі сустрэчы з сем’ямі палітычных вязьняў, прадстаўнікамі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, а таксама сустрэчы з прадстаўнікамі афіцыйнага Менска.

Па словах прэс-сакратара Міністэрства замежных спраў Дзмітрыя Мірончыка, каардынуюць візіт еўрапейскай дэлегацыі дэпутаты Нацыянальнага cходу:

– Ніякіх паведамленняў у сувязі з нейкім парламенцкім візітам з боку Еўрапарламента Міністэрства замежных спраў пакуль не рабіла. Мова ідзе пра візіт парламенцкай дэлегацыі. Адказнасць за яго падрыхтоўку і распаўсюд паведамленняў – гэта тычыцца ўсіх візітаў парламенцкіх дэлегацый, не толькі візіту пра які вы пытаецеся, які я не магу ні пацвердзіць, ні абвергнуць. Адпаведнае паведамленне робіцца Нацыянальным сходам.

Гэта ўжо чарговая спроба еўрадэпутатаў прыехаць у Беларусь. Ранейшыя, калі старшынём дэлегацыі быў Яцэк Пратасевіч, пазней Філіп Качмарэк, былі няўдалымі.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі беларускі бок прапанаваў сустрэчы ў беларускім парламенце, які афіцыйна не прызнаны Еўрапейскім парламентам.

„Толькі размовы з прадстаўнікамі афіцыйнага Менска могуць давесці да выпраўлення сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі”, – лічыць намеснік старшыні Еўрапарламента Рышард Чарнецкі.

Не выключана, што еўрадэпутат Чарнецкі апынецца сярод тых, хто будзе ўключаны ў дэлегацыю Еўрапарламента, якая накіруецца ў Беларусь у сярэдзіне чэрвеня:

Плануюцца сустрэчы з прадстаўнікамі апазіцыі, праваабаронцамі, а таксама прадстаўнікамі ўлады. Размовы з уладамі могуць стаць інструментам, які паўплывае на сітуацыю з правамі чалавека, на захаванне грамадзянскіх правоў і правоў жуналістаў.

Можна меркаваць што ўзначаліць дэлегацыю Еўрапарламента старшыня Дэлегацыі па справах Беларусі Богдан Здраеўскі.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя