Дэлегацыя Еўрапарламента наведала пункт пропуску „Брузгі”
Дэлегацыя Еўрапарламента, якая знаходзіцца ў Беларусі з пяцідзённым візітам, 28 лютага наведала аўтадарожны пункт пропуску „Брузгі” на мяжы з Польшчай, паведаміла прэс-служба Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.
Дэлегаты агледзелі інфраструктуру пункта і азнаёміліся з парадкам правядзення памежнага і мытнага кантролю людзей і транспарту. Іх цікавілі пытанні эфектыўнасці мер процідзеяння трансмежавай злачыннасці, якія прымае Дзяржпагранкамітэт на знешняй мяжы ЕЗ.
Намеснік кіраўніка дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Карын Карлсбра адзначыла, што развіццё памежнай інфраструктуры з’яўляецца найважнейшай часткай праграмы супрацоўніцтва Еўрасаюза з Беларуссю.
„Мы прыехалі сюды ў тым ліку паглядзець, як ідуць справы на мяжы, у гэтым пункце пропуску, — сказала яна. — Што да будучых абмеркаванняў у Еўрапарламенце гэтых пытанняў, мы, вядома, будзем выносіць гэтую праблему, таму што прайшоў той час, калі межы разглядаліся як межы. Межы павінны стаць мостам для спрашчэння працэдур перамяшчэння людзей і таварапатокаў паміж краінамі. Перасячэнне мяжы не павінна займаць шмат часу, і мы павінны прыкласці ўсе неабходныя намаганні для спрашчэння гэтых працэдур”.
Дэлегаты Еўрапарламента абмеркавалі з прадстаўнікамі Дзяржпагранкамітэта пытанні супрацоўніцтва з краінамі ЕС „у межах процідзеяння агульным выклікам і пагрозам на мяжы Рэспублікі Беларусь і ЕЗ”. Акрамя таго, была адзначаная неабходнасць павышэння прапускной здольнасці пунктаў пропуску ў мэтах развіцця гандлёва-эканамічных адносін.
Бакі прызналі, што мяжа павінна служыць не толькі „бар’ерам на шляху супрацьпраўнай дзейнасці”, але і „служыць мостам для законапаслухмяных грамадзян”.
Заяўлена таксама аб неабходнасці захаваць прыярытэт праектаў, звязаных з мяжой, у праграмах трансмежавага супрацоўніцтва і ініцыятывы „Усходняе партнёрства”.
Дэлегацыя Еўрапейскага парламента наведвае Беларусь 24—28 лютага. У яе складзе намеснікі кіраўніка дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Вальдэмар Тамашэўскі (Літва) і Карын Карлсбра (Швецыя), а таксама пастаянны дакладчык Еўрапарламента па Беларусі Пятрас Аўштравічус (Літва).
Мэта візіту — азнаямленне новаабраных членаў Еўрапарламента з сітуацыяй у краіне і асноўнымі напрамкамі супрацоўніцтва паміж Еўразвязам і Беларуссю.
Падчас візіту еўрапарламентарыі сустрэліся з прадстаўнікамі беларускай улады, палітычнай апазіцыі, аналітычных цэнтраў і грамадзянскай супольнасці.
Фота Дзяржпаргранкамітэта