Дэлегацыя Еўрапарламента ў лютым плануе наведаць Беларусь
Дэлегацыя Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю 24—28 лютага наведае Менск і Гародню.
Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе Еўрапарламента, у Беларусь прыедуць кіраўнік дэлегацыі ЕП па сувязях з Беларуссю Роберт Бедрань (Польшча) і яго намеснікі Вальдэмар Тамашэўскі (Літва) і Карын Карлсбро (Швецыя), а таксама пастаянны дакладчык Еўрапарламента па Беларусі Пятрас Аўштравічус (Літва).
Дэталёвая праграма візіту і графік сустрэч цяпер прапрацоўваюцца.
Роберт Бедрань узначаліў дэлегацыю Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю ў верасні 2019 года.
Пасля свайго прызначэння Бедрань напісаў у „Фэйсбуку”: „Цяпер Еўрапарламент не падтрымлівае двухбаковае парламенцкае супрацоўніцтва з Беларуссю. Аднак у лістападзе пройдуць парламенцкія выбары, а ў наступным годзе — прэзідэнцкія. Я спадзяюся, што гэта створыць новыя магчымасці для паляпшэння адносін, хаця, вядома, выкананне правоў чалавека ў Беларусі застаецца для нас ключавым пытаннем”.
Паводле вынікаў правядзення ў Беларусі парламенцкіх выбараў Бедрань зрабіў заяву, у якой зазначыў, што яны „зноў былі азмрочаныя шэрагам злоўжыванняў і недахопаў”.
„Гэтыя датэрміновыя парламенцкія выбары маглі стаць паваротным момантам, якога мы чакалі, каб разблакаваць гэтую сітуацыю (з адсутнасцю двухбаковага парламенцкага супрацоўніцтва. — БелаПАН.), — падкрэсліў ён. — Мы верым, што давер грамадзян Беларусі да дзяржаўных інстытутаў з`яўляецца залогам стабільнасці і працвітання іх краіны. Таму мы заклікаем беларускія ўлады праявіць адказнасць і зрабіць значныя крокі для выканання вышэйзгаданых рэкамендацый напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у наступным годзе”.
У папярэднім складзе Еўрапарламента дэлегацыю па сувязях з Беларуссю ўзначальваў польскі дэпутат Богдан Здраеўскі. Ён некалькі разоў наведваў Беларусь, у тым ліку падчас афіцыйнага візіту дэлегацыі ў Менск восенню мінулага года.