Дэлегацыя Еўрапейскага Звяза наведала Берасце
Дэлегацыя Еўрапейскага Звяза адзначыла пазітыўную дынаміку супрацоўніцтва з Беларуссю, пачынаючы з 2017 года. Пра гэта на сустрэчы з чыноўнікамі ў Берасці сказаў еўракамісар Васіліс Марагас, адказны за палітыку ўсходняга суседства ЕЗ.
Марагас лічыць паказальным, што Беларусь цяпер стаіць у лідарах па ўцягнутасці ў суседскія праграмы. У прыватнасці, яна другая пасля Украіны па колькасці падпісантаў “Пагадненняў мэраў” у рэгіёне Усходняга партнёрства, да таго ж амаль 50 гарадоў краіны ўзялі на сябе абавязкі па зніжэнні вуглякіслага газу на 20-30% да 2030 года. Сярод іх і Берасце. Кажа Васіліс Марагас:
– Я вельмі ўражаны тым дынамізмам і тымі ідэямі, якія мы ўжо пачулі ад нашых калег у Берасцейскай вобласці. Мы ўжо маем шмат праектаў у кантэксце транспамежнай кааперацыі, якія добра вядомыя і жыхарам гэтай вобласці.
На сустрэчы не было заўважна шмат прадстаўнікоў трэцяга сектара. Што зразумела, улічваючы, што абсалютная большасць праектаў ЕЗ рэалізуецца дзяржавай. Самымі паспяховымі ж, па словах кіраўніцы праектаў прадстаўніцтва ЕЗ Наталлі Стасевіч, з’яўляюцца сумесныя праекты дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацый.
Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя