Дэлегацыя НАТА 14—17 красавіка наведала Менск
Дэлегацыя НАТА 14—17 красавіка наведала Менск у межах удзелу Беларусі ў працэсе планавання і ацэнкі сіл праграмы Паўночнаатлантычнага альянсу „Партнёрства дзеля міру” (PARP), паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.
У склад дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі міжнароднага сакратарыята і міжнароднага ваеннага штаба, упраўлення партнёрства стратэгічнага камандавання аперацый, камандавання Аб’яднаных узброеных сіл НАТА (AJFC Brunssum).
У рамках візіту ў Менску адбылася штогадовая нарада па пытаннях удзелу Беларусі ў PARP.
З беларускага боку ў нарадзе ўдзельнічалі прадстаўнікі Мінабароны, Генеральнага штаба Узброеных сіл, дзяржсакратарыята Савета бяспекі, МЗС і МНС. У сустрэчы таксама прынялі ўдзел ваенныя аташэ пры пасольствах Балгарыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Польшчы, ЗША і Чэхіі.
„Падчас нарады адбылося абмеркаванне праекта ацэначнага дакумента, распрацаванага адпаведнымі структурамі штаб-кватэры НАТА на аснове інфармацыі, якая падаецца Рэспублікай Беларусь у рамках PARP, — адзначылі ў прэс-службе міністэрства. — Удакладнены шэраг практычных пытанняў па рэалізацыі мэт партнёрства, а таксама намечаны шляхі па ўдасканаленні каардынацыі ўзаемадзеяння паміж Міністэрствам абароны і структурнымі падраздзяленнямі альянсу ў рамках PARP”.
Вынікі нарады былі падведзены на сустрэчы начальніка дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Мінабароны памочніка міністра генерал-маёра Алега Воінава і кіраўніка дэлегацыі НАТА дырэктара аддзела абароннага планавання штаб-кватэры альянсу Пола Саверо.
Бакі абмеркавалі „стан і перспектыўныя кірункі развіцця супрацоўніцтва ў ваеннай сферы”, а таксама „ключавыя пытанні рэгіянальнай бяспекі”, паведамляе абароннае ведамства.