Дэмакратычны Слонім рыхтуецца да выбараў
У Слоніме адбыўся сход сяброў згуртавання дэмакратычных сіл. Сход адкрыў грамадскі актывіст, сябра рэспубліканскай грамадскай арганізацыі «Перспектыва», каардынатар па Гарадзенскай вобласці Віктар Марчык. Выступоўца прапанаваў сябрам Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл прыняць удзел у набліжаючыхся парламенцкіх выбарах. «Выбары ў Беларусі не з’яўляюцца па сваёй сутнасці выбарамі, але сама выбарчая кампанія дае шанс для дэмакратаў папрацаваць з насельніцтвам для магчымасці данясення сваіх каштоўнасцяў. Таму, удзельнічаць у выбарах трэба», — сказаў Віктар Марчык. Ягоную думку падтрымалі Міхаіл Караткевіч і Сяргей Бузун — сябры партыі «Справядлівы свет».
Падчас сходу, Павел Савасцьян і Альберт Гліннік выступілі з прапановай вылучыць у якасці кандыдата ад Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл Івана Шэгу. Прапанова горача была падтрымана прысутнымі. На сходзе пачалося фармаванне ініцыятыўнай групы, ў якую запісаліся ўсе ўдзельнікі сходу.
Беларускае Радыё Рацыя, Слонім