Дэмакратычныя сілы аб’ядноўваюцца для супрацы
Гарадзенскія абласныя дэмакратычныя сілы маюць намер аб’яднаць намаганні для больш паспяховай дзейнасці. Пра гэта паведаміў абласны каардынатар аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Мікола Баўсюк. Па ягоных словах, галоўная мэта – аб’яднаць людзей ды іх намаганні:
– Гэта патрэбна для правядзення сумесных акцый. Вось зараз мы збіраем подпісы за эфектыўную медыцыну, нам АГП дапамагала збіраць подпісы і звароты да органаў ўлады. Іншыя мерапрыемствы таксама будзем разам праводзіць. Вядома, што актывістаў няшмат. Пачынаецца прэзідэнцкая кампанія, магчыма ў нас атрымаецца зрабіць нешта разам.
Папярэднюю згоду на аб’яднанне далі структуры Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады і Прафсаюзаў радыёэлектроннай прамысловасці. Да кааліцыі могуць далучыцца і іншыя структуры.
Падпісанне адпаведнага пагаднення можа адбыцца ўжо на гэтым тыдні.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота bchd.info