Святлана Ціханоўская: Рэжым на мяжы татальнай ізаляцыі (абноўлена)
Дэмакратычныя сілы зрабілі сумесную заяву адносна апошніх падзей у Беларусі і заявілі пра ўступленне ў новую актыўную фазу пратэсту.
– Рэжым на мяжы татальнай ізаляцыі, як ніколі раней. Еўрапейскі звяз, ЗША, Вялікабрытанія, Японія, Канада і іншыя краіны ўжо дзейнічаюць і робяць усё магчымае, каб дапамагчы нам, беларусам. І мы самі, беларусы, павінны зрабіць усё магчымае, каб вызваліць палітычных вязняў, спыніць гвалт і правесці сумленныя выбары, – кажа Святлана Ціханоўская:
– Мы, офіс Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйная Рада, Народнае антыкрызіснае кіраванне, штаб Цапкалы, “Байпол” і іншыя дэмакратычныя сілы адзіныя ў ацэнцы таго, што ў выніку бяздумных дзеянняў нелегітымнага рэжыму Беларусь ператварылася ў чорную пляму на сусветнай мапе.
Фота: nn.by
Арт-дырэктар Беларускага свабоднага тэатра, выканаўчы дырэктар Creative Politics Hub Мікалай Халезін у сваю чаргу прапанаваў канкрэтныя крокі ціску на беларускі рэжым:
– Разарваць усе магчымыя эканамічныя сувязі з рэжымам і дзяржаўнымі кампаніямі да перамогі дэмакратыі ў краіне. Правесці прававую ацэнку дзеянням рэжыму, якія варта ахарактарызаваць як акты дзяржаўнага тэрарызму. З улікам адмовы Лукашэнкі ад дыялогу з грамадзянскай супольнасцю, склікаць міжнародную канферэнцыю высокага ўзроўню для вырашэння ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі.
«Чакаць больш няма чаго. Тэрор трэба спыніць – раз і назаўжды», – падкрэсліў у звароце дэмсіл старшыня Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
***
Дэмакратычныя сілы Беларусі заявілі пра падрыхтоўку да „новай актыўнай фазы націску”. Пра гэта гаворыцца ў відэазвароце, размешчаным у YouTube-канале дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай.
„Мы, Офіс Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйная рада, Народнае антыкрызіснае кіраванне, штаб Цапкалы і іншыя дэмакратычныя сілы — адзіныя ў ацэнцы таго, што ў выніку бяздумных дзеянняў нелегітымнага рэжыму Беларусь ператварылася ў „чорную пляму” на сусветнай карце”, — адзначае Ціханоўская.
На думку дэмсіл, „рэжым на мяжы татальнай ізаляцыі як ніколі раней”. Еўрапейскі pdzp, ЗША, Вялікабрытанія, Японія, Канада і іншыя краіны „ўжо дзейнічаюць і робяць усё магчымае, каб дапамагчы беларусам”.
„І мы самі, беларусы, павінны зрабіць усё магчымае, каб вызваліць палітычных вязняў, спыніць гвалт і правесці сумленныя выбары. Мы павінны дзейнічаць — акно магчымасцяў адкрытае. Чакаць больш няма чаго — тэрор трэба спыніць раз і назаўсёды. Мы пачынаем рыхтавацца да новай актыўнай фазы націску”, — адзначаецца ў заяве.
Дэмакратычныя сілы прапануюць сусветнай супольнасці знізіць узровень дыпламатычнага ўзаемадзеяння з уладамі Беларусі, пашырыць сферу прымянення персанальных і эканамічных санкцый, у тым ліку ўвесці кропкавыя абмежавальныя меры ў дачыненні да ўсёй структуры Кіраўніцтва справамі прэзідэнта і рэзервовага фонду.
Таксама прапануецца разарваць усе эканамічныя сувязі з рэжымам і дзяржкампаніямі да перамогі дэмакратыі ў краіне, правесці прававую ацэнку дзеянням рэжыму. „З улікам адмовы Лукашэнкі ад дыялогу з грамадзянскай супольнасцю — склікаць міжнародную канферэнцыю высокага ўзроўню для вырашэння ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі”, — адзначаецца ў заяве.
Заява прынятая па выніках надзвычайнай сустрэчы лідараў беларускага дэмакратычнага руху, якая адбылася 25 мая ў Літве. У YouTube-канале Ціханоўскай гаворыцца, што ўдзельнікі сустрэчы абмеркавалі далейшыя сумесныя крокі па рэагаванні на беспрэцэдэнтную сітуацыю, створаную Лукашэнкам, а таксама карэкціроўку стратэгіі выхаду Беларусі з глыбокага крызісу: „узмацненне міжнароднага ціску і канкрэтныя меры ў адказ на дзеянні Лукашэнкі; кантакт з чыноўнікамі ўнутры Беларусі і пашырэнне гэтага кантакту; нарошчванне структуры партызанскага руху ўнутры Беларусі, праект па амністыі і рэабілітацыі ўдзельнікаў пратэстаў”.