Дэмсілы Берасця хочуць правесці першамайскую маніфестацыю
Правесці першамайскую дэманстрацыю і мітынг хочуць сябры Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай партыі (Грамада), партыі БНФ і Аб’яднанай Грамадзянскай партыі. Адпаведную заўку яны падалі ў Берасцейскі гарадскі выканаўчы камітэт. Актывісты плануюць шэсце па праспекту Машэнскага і вуліцы Савецкай, а таксама мітынг на плошчы Свабоды. Галоўны ініцыятар заяўкі, палітык Ігар Маслоўскі падкрэсліў, што масавае мерапрыемства – магчымасць далучыцца да дзяржаўнага свята:
— Першага траўня ва ўсім свеце адзначаецца дзень барацьбы працоўных за свае правы, таму адна з нашых мэтаў — адзначыць гэты дзень. У Беларусі гэта дзяржаўнае свята, таму мы таксама ўказваем у нашай заяўцы, што гэта дзяржаўнае свята і людзі маюць права адзначаць яго. Акрамя таго, у сучаснай беларускай сітуацыі вельмі шмат эканамічных і сацыяльных праблем, улада ўвесь час наступае на сацыяльныя правы і гарантыі.
Як паведаміў Маслоўскі, тэмай нумар адзін для першамайскай дэманстрацыі стануць правы працоўных, у тым ліку недапушчальнасць прымусу да працы.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
