Дэмсілы ўсё яшчэ шукаюць адзінага кандыдата (абноўлена)



Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, адзін з прэтэндэнтаў на адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары наступнага года ад беларускай апазіцыі, не супраць таго, каб адзіным стаў палітвязень Мікола Статкевіч. Тым не менш, бачыць у гэтым як плюсы, так і мінусы:

– Было тры ці чатыры галасаванні, і я ўвесь час галасаваў за гэты праект. Ён мне падабаецца тым, што пераклікаецца з нашай стратэгіяй, якую праводзіла АГП у час апошніх выбарчых кампаній – парламенцкай і мясцовай. У іх аснове тое, што трэба ўладам навязваць свой сцэнар паводзінаў, а не хадзіць па тых калідорах, якія выклалі Лукашэнка, Ярмошына ды астатняе атачэнне  беларускага правіцеля.

«Таксама гэта актуалізацыя тэмы свабодных і сумленных выбараў, якіх няма ў Беларусі,» – працягвае Анатоль Лябедзька. Галоўным жа мінусам вылучэння ў якасці адзінага Міколы Статкевіча палягае на тым, што для беларускага грамадства праблема палітвязняў неактуальная. У ідэальным сцэнары, на думку Лябедзькі, было б на выбарах сумясціць актыўны байкот і моцную альтэрнатыўную кандыдатуру.

* * *

Працэс кансультацый апазіцыйных структур адносна правядзення кангрэса дэмакратычных сіл і абрання адзінага кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2015 года „знаходзіцца ў стане глыбокага працяглага тармажэння і непрыстойна зацягнуўся”, заявіў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, каментуючы чарговыя перамовы, якія прайшлі сёння з ўдзелам прадстаўнікоў сямі палітычных структур:

– З аднаго боку не маем прэтэндэнтаў на ўдзел па працэдуры адбора фактычна акрамя прадстаўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі, з якім мы вызначыліся яшчэ ў траўні. Па ўсім астатнім альбо крок назад, альбо там дзе і знаходзіліся. Сёння шэсць астатніх структур не змаглі назваць персаналію чалавека, які ад іх будзе ці гатовы ўдзельнічаць у кангрэсе. Ніяк не могуць людзі вызначыцца ці то яны ўдзельнічаюць, ці то яны не ўдзельнічаюць.

Беларускае грамадства дагэтуль не ведае, хто складзе канкурэнцыю Аляксандру Лукашэнку на прэзідэнцкіх выбарах 2015. Пакуль сваё жаданне вылучацца на адзінага кандыдата ад апазіцыі выказаў толькі Анатоль Лябедзька. Называюцца кандыдатуры Уладзіміра Някляева, Аляксандра Мілінкевіча, Валерыя Фралова, абмяркоўваецца магчымасць вылучэння ў якасці адзінага – палітвязня Міколы Статкевіча.

Чарговая сустрэча прадстаўнікоў апазіцыйных структур адбудзецца на наступным тыдні.

Беларускае Радыё Рацыя