Алена Анісім спадзяецца, што ўлады не стануць пагаршаць сітуацыю з беларускай мовай



Дэпутат Палаты прадстаўнікоў,старшыня  грамадскага аб’яднання „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (ТБМ) Алена Анісім у каментары БелаПАН выказала надзею на тое, што ўлады не стануць наўмысна пагаршаць сітуацыю з беларускай мовай па выніках паслання Аляксандра Лукашэнкі да народа і парламента, якое прагучала 19 красавіка.

Лукашэнка лічыць, што моўнае пытанне ў краіне закрытае. „Я ж вас прасіў: не падымайце гэтае пытанне наогул. Яно закрытае ў Беларусі. У нас дзве дзяржаўныя мовы — руская і беларуская. <…> Калі нехта хоча страціць розум, ён страціць рускую мову, калі нехта хоча страціць сваё сэрца, страціць беларускую. Што вы хочаце страціць — розум ці сэрца?” — звярнуўся Лукашэнка да прысутных.

Разам з тым ён заявіў пра скаргі, якія паступаюць ад беларусаў і расіян, на перабор з беларускай мовай на шыльдах і білбордах. „Дзесьці шыльды аператыўна мяняюцца, яшчэ нешта. Да глупстваў даходзіць. Еду па дарозе, як яе называюць, прэзідэнцкай, вывесілі табло „Выконвай хуткасны рэжым!”. Мне, як беларусу, зразумела, што хацеў сказаць аўтар. Едзе рускі чалавек ці рускамоўны беларус, які лепш ведае рускую мову. Адзінае, што чалавек зразумее, гэта слова „рэжым”. А хто зразумее, што гэта хуткасны рэжым, а не дыктатура Лукашэнкі?” — сказаў ён. На думку прамоўцы, толькі 50% насельніцтва зразумее, чаго патрабуе дарожнік або даішнік.

Алена Анісім мяркуе, што наступствы гэтага выступлення Лукашэнкі могуць быць абсалютна рознымі. Чыноўнікам, лічыць яна, зусім не абавязкова „браць пад казырок” і мяняць беларускамоўныя шыльды на рускамоўныя, успрыняўшы словы афіцыйнага лідара як прамы загад. „Трэба разумець, што беларуская мова — гэта не пытанне жадання ці нежадання таго ці іншага чалавека, а элемент унутранай дзяржаўнай палітыкі, гарантыя незалежнасці і важны складнік нацыянальнай бяспекі краіны”, — сказала яна.

Сітуацыя залежыць у тым ліку „і ад таго, як на гэта будзе рэагаваць грамадскасць”, перакананая парламентарый. Паводле яе слоў, актывісты ТБМ ужо цяпер могуць сустракацца з мясцовымі ўладамі, людзьмі ў розных раёнах і дамагацца таго, каб беларуская мова была на таблічках з адрасамі вуліц, выкарыстоўвалася для інфармавання аб такіх буйных мерапрыемствах, як, напрыклад, Еўрапейскія гульні.

Анісім нагадала, што яшчэ ў пачатку года савет ТБМ (Таварыства беларускай мовы) заклікаў членаў аб’яднання прыняць „актыўны ўдзел у палітычных кампаніях у 2019—2020 гадах з мэтай папулярызацыі беларускай культуры і пашырэння ўжывання беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця краіны”.

„Нашы задачы ў цэлым нібыта супадаюць з пазіцыяй і кіраўніка дзяржавы — мы ўсе за незалежнасць нашай краіны. Але мы павінны разумець, што гэта не толькі нашы словы, гэта кожны наш крок, у тым ліку ў сферы інфармацыйнай бяспекі”, — падкрэсліла дэпутат.

belapan.by