Дэпутат Бундэстага ўдакладніла інфармацыю пра візавае пагадненне



Дэпутат Бундэстага Барбара Хендрыкс, якая 26 жніўня прыбыла ў Менск з трохдзённым візітам у складзе нямецкай парламенцкай дэлегацыі, на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” ўдакладніла інфармацыю наконт пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму з Беларуссю.

Змест яе паведамлення ў перакладзе пасля актуалізацыі такі: „Цяпер я знаходжуся ў Беларусі ў складзе дэлегацыі. Падчас сустрэчы з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем і наведвання мемарыяльнага комплексу „Трасцянец” выявілася наяўнасць агульных поглядаў прадстаўнікоў Германіі, Еўрапейскага Звяза і Беларусі, і ў апошнія гады прыкметная добрая дынаміка. Мы бачым, што Мінск шукае кантакты з еўрапейскімі краінамі. Таму я ўпэўненая, што запланаванае пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму ў лютым набудзе моц і будзе напоўненае рэальным зместам”. Раней апошняя фраза гучала іначай: „Таму я ўпэўненая, што запланаванае пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму будзе падпісанае ў лютым і напоўненае рэальным зместам”.

Барбара Хендрыкс — член камітэта па міжнародных справах бундэстага, былы міністр навакольнага асяроддзя, аховы прыроды і ядзернай бяспекі ФРГ, член Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі.

29 ліпеня кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ Андрэа Віктарын, якая ў жніўні завяршыла дыпламатычную місію ў Беларусі, заявіла ў інтэрв’ю БелаПАН, што пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі Еўрасаюз і Беларусь плануюць падпісаць восенню гэтага года.

„Мы завяршылі ўсе перамовы па тэксце пагаднення ў чэрвені. Цяпер дакумент праходзіць унутрыдзяржаўныя працэдуры ўзгаднення ў Беларусі і ў ЕЗ, — сказала яна. — Сёння раніцай на сустрэчы з міністрам Макеем мы казалі пра тое, што падпішам пагадненне восенню. Дакладная дата яшчэ не вызначаная, але павінна ж я пакінуць нейкую працу для свайго пераемніка. Я цвёрда ўпэўненая, што гэты дакумент мы падпішам”.

6 жніўня прэм’ер-міністр Сяргей Румас на сустрэчы з Віктарын заявіў, што ўрад разлічвае на падпісанне з ЕЗ пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму восенню. „Думаю, з нашага боку да восені мы скончым усе ўнутрыдзяржаўныя працэдуры для ўзгаднення дакумента. Вельмі спадзяюся, што ўвосень пагадненне будзе падпісанае. Прынамсі, беларускі бок будзе рабіць усё для таго, каб гэтая падзея адбылася”, — сказаў Румас.

Перамовы пра спрашчэнне візавага рэжыму і рэадмісіі Еўразвяз і Беларусь вядуць з 2014 года. 12 ліпеня гэтага года Афіцыйны журнал ЕЗ апублікаваў рашэнне Савета Еўразвяза аб унясенні змяненняў у Візавы кодэкс, якія прадугледжваюць у тым ліку павышэнне кошту шэнгенскіх віз да 80 еўра. Прымяняць новы візавы збор пачнуць з 2 лютага 2020 года, аднак з падпісаннем і ўваходжаннем у сілу візавага пагаднення паміж Беларуссю і ЕЗ кошт шэнгенскіх віз для беларускіх грамадзян складзе 35 еўра.

belapan.by