Дэпутат Дзярждумы: У Менску страцілі ўяўленне пра дыпламатычны такт



Адным з матываў для змены пасла ў Беларусі стала жаданне кіраўніцтва Расеі „неяк замяць скандал, які разгарэўся з-за прапампоўвання няякаснай нафты ў Беларусь”. Такое меркаванне выказаў намеснік старшыні камітэта Дзяржаўнай думы РФ па справах СНД, еўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыннікамі Канстанцін Затулін у інтэрв’ю татарскаму дзелавому выданню „Бизнес Online”.

„Транснефць” падставіла і Бабіча, і Расею ў цэлым. Мы мусім гэта прызнаць. Баюся, што ў такіх умовах нашаму прэзідэнту для захавання адносін прыйшлося саступіць у кадравым пытанні. Прызначэнне і зняцце паслоў — адзін з найважнейшых атрыбутаў кіраўніка дзяржавы ў знешняй палітыцы. Прэзідэнт за гэта адказвае, яму лепш відаць. Але задавальнення дадзеная гісторыя не дастаўляе, як у выпадку з без віны вінаватым”, — адзначыў дэпутат.

Пры гэтым Затулін раскрытыкаваў рэакцыю беларускага МЗС на рэзкія выказванні экс-пасла Міхаіла Бабіча ў Менску. „Тое, у якіх формах гэта каментуе прадстаўнік беларускага МЗС, кажа пра тое, што метастазы зайшлі занадта далёка і ў Менску страцілі ўяўленне пра дыпламатычны такт у дачыненні да Расеі, — заявіў ён. — То ён бухгалтар, то мінулае паўнамоцнага прадстаўніка мае на яго негатыўны ўплыў, калі справа тычыцца Беларусі. А беларускія партнёры прынцы крыві, ці што? Нашчадкі англійскіх джэнтльменаў блакітных крывей? Адкуль такі снабізм з нагоды паўнамоцных прадстаўнікоў прэзідэнта Расеі?”

На яго думку, беларускі бок „проста не прывык да таго, што яму адказваюць”. „Можа быць, мы перш таксама не мелі рацыі, пакідаючы па-за ўвагай выпады ў свой адрас, і прывучылі беларусаў да такога непраціўлення злу насіллем. Але папракаць Бабіча, які быў паслом усяго некалькі месяцаў, у тым, што ён разбурыў нашы адносіны, могуць толькі тыя людзі, якія самі настроеныя на разбурэнне і спрабуюць перакінуць з хворай галавы на здаровую. Гэта відавочна. Што б ні зрабіў за гэты перыяд Бабіч, гэта не падстава для таго, каб паводзіць сябе так у дачыненні да пасла. Так, у яго свой характар, але я не лічу, што ён здзейсніў нешта такое, што патрабуе асуджэння”, — дадаў Затулін.

Парламентарый выказаў здагадку, што новы пасол РФ у Беларусі Дзмітрый Мезенцаў „не будзе лезці на ражон”, аднак „парадак дня ў расейска-беларускіх адносінах будзе той жа, што і ў Бабіча”.

Затулін у цэлым рэзка раскрытыкаваў паводзіны Аляксандра Лукашэнкі ў адносінах да расійскага кіраўніцтва, які, на яго думку, „паводзіць сябе як вялікае капрызнае дзіця, капрызіць і крыўдзіць маму, а затым зноў лашчыцца да яе, таму што яна яго любіць, ён для яе родны”.

Ён папракнуў кіраўніка дзяржавы ў нежаданні ісці на больш глыбокую палітычную інтэграцыю ў рамках Саюзнай дзяржавы. Расейскі дэпутат таксама заявіў, што „дзейнасць такіх людзей, як [міністр замежных спраў Уладзімір] Макей, які абівае розныя парогі на Захадзе, выклікае сур’ёзныя асцярогі”.

„Нам патрэбная бяспека і спакой на нашых межах, — сказаў на заканчэнне дэпутат Дзярждумы РФ. — У той жа час мы не чужыя беларусам, а яны не чужыя нам. Так, сёння махавік раскручваецца ў іншы бок, у тым ліку ў гуманітарнай сферы. У модзе беларусізацыя. І ды бог бы з ёй, але яна разглядаецца з псеўданавуковых пазіцый. Агульныя з Расеяй гістарычныя падзеі трактуюцца інакш. Вынаходзяць нейкія іншыя варыянты паходжання беларускага народа. Вялікая Айчынная вайна, дзякуй богу, не, але Айчынная вайна 1812 года ўжо разглядаецца як чужая для Беларусі руска-французская вайна. Што з’яўляецца сёння аб’ектам галоўнага экскурсійнага паказу ў Беларусі? Замак Радзівілаў, вядома ж. Скажам, музей Суворава ў Кобрыне ў занядбаным выглядзе. І дадзены спіс можна працягваць”.

30 красавіка ўказам Уладзіміра Пуціна Міхаіл Бабіч быў вызвалены ад абавязкаў пасла Расеі ў Беларусі, а таксама ад пасады спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта РФ па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю „ў сувязі з пераходам на іншую працу”. Ён прапрацаваў на пасадзе каля васьмі месяцаў.

Новым паслом прызначаны член Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расеі Дзмітрый Мезенцаў. Пры гэтым ён не прызначаны спецпрадстаўніком Пуціна па развіцці гандлёва-эканамічных стасункаў з Беларуссю.

Паводле слоў прэс-сакратара прэзідэнта РФ Дзмітрыя Пяскова, кадравыя рашэнні Уладзіміра Пуціна прынятыя „ў адпаведнасці з мэтазгоднасцю”.

belapan.by