Дэпутат Канапацкая паўторна запытала дакументы пра саюзную інтэграцыю



Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая паўторна накіравала запыт кіраўніку беларускай часткі рабочай групы па пытаннях інтэграцыі з Расеяй міністру эканомікі Дзмітрыю Крутому з просьбай даць дакументы з прапановамі па далейшым развіцці інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Свой зварот яна апублікавала ў сацыяльных сетках.

У дэпутацкім звароце, датаваным 24 мая, Канапацкая адзначае, што на свой папярэдні запыт з аналагічнай просьбай адказу па сутнасці не было.”У чым у такім выпадку прычына таго, што міністр эканомікі і адначасова кіраўнік беларускай рабочай групы дае адказ дэпутату парламента не па сутнасці? А дакладней, наогул скрывае інфармацыю. Ведаючы пры гэтым, што я з’яўляюся членам профільнай камісіі па эканамічнай палітыцы ў Палаце прадстаўнікоў. Ці ў эканамічным характары прапаноў справа, ці толькі ў іх? Чакаю канкрэтнага адказу”, — дадаткова напісала яна ў Facebook.

Падобны адказ дадзены іншаму дэпутату палаты прадстаўнікоў Алене Анісім. Ліст прэм’ер-міністру Сяргею Румасу быў накіраваны 15 мая. Анісім адзначала, што апошнім часам у беларускім грамадстве нарастае напружанасць з-за закрытых перамоў у рамках Саюзнай дзяржавы. „У СМІ нядаўна была апублікаваная інфармацыя аб тым, што Расія накіравала Беларусі свае ўмовы па інтэграцыі, Беларусь прапанавала Расіі свае. Якая сутнасць прапаноў па інтэграцыі з расійскага боку?” — цікавілася дэпутат.

У адказе адзначаецца, што бакі рэгулярна абменьваюцца прапановамі па найбольш актуальных пытаннях супрацоўніцтва і саюзнага будаўніцтва. „Найбольш часта гэтыя прапановы тычацца асновы, на якой будуецца амаль кожнае інтэграцыйнае аб’яднанне, — эканомікі”, — гаворыцца ў лісце.

„Мы ніколі не спынялі і не спынім дыялог, — падкрэслівалася ў дакуменце. — Саюзныя адносіны патрэбныя нашым народам, яны неабходныя для паспяховага развіцця дзвюх дзяржаў. Зыходзячы з гэтага, урад Беларусі будзе працягваць сумесную працу з урадам Расіі. Мы імкнемся да дасягнення пазітыўных вынікаў , якія б цалкам адпавядалі нашым нацыянальным інтарэсам”.

Аб неабходнасці перагледзець падыходы да інтэграцыі ў Маскве загаварылі ў 2018 годзе. Пры гэтым са ступенню інтэграцыі Крэмль ўвязвае далейшае льгатаванне беларускай эканомікі. На апошнім пасяджэнні саюзнага Савета міністраў 13 снежня 2018 года ў Брэсце кіраўнік расійскага ўрада Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што Расія гатовая прасоўвацца па шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, уключаючы стварэнне адзінага эмісійнага цэнтра, адзінай мытнай службы, суда і падліковай палаты.

Па дамоўленасці прэзідэнтаў Беларусі і Расіі на ўзроўні ўрадаў створана рабочая група па праблемных пытаннях інтэграцыі.

Пра тое, што Расея перадала Беларусі пакет прапаноў аб далейшым паглыбленні інтэграцыі, стала вядома ў пачатку сакавіка з СМІ. 22 сакавіка міністр замежных спраў Уладзімір Макей пацвердзіў атрыманне такіх прапаноў, але не стаў раскрываць іх сутнасць.

belapan.by