Дэпутат Канапацкая ўнесла ў парламент пакет паправак у Выбарчы кодэкс
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая падала ў парламент законапраект „Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Выбарчы кодэкс”.
Канапацкая паведаміла БелаПАН, што пакет паправак быў унесены 12 чэрвеня. У сваім запісу ў Facebook яна адзначыла, што асноўныя змены скіраваныя на пашырэнне правоў назіральнікаў.
„Падрыхтаваныя змяненні і дапаўненні ў Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь пашыраюць у межах дзейнага заканадаўства правы назіральнікаў, у прыватнасці дазваляюць знаёміцца з выбарчымі спісамі, фіксаваць ход правядзення выбараў, уключаючы працэс падліку галасоў, любымі тэхнічнымі сродкамі, у тым ліку рабіць аўдыязапіс, фота- і відэаздымку ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам”, — напісала Канапацкая.
Акрамя таго, яна прапануе падчас падліку галасоў дэманстраваць кожны бюлетэнь з такой адлегласці, каб назіральнікам былі бачныя адзнакі на ім. Законапраект таксама прадугледжвае папраўкі, якія тычацца датэрміновага галасавання.
„Датэрміновае галасаванне праводзіцца толькі на адным участку ў выбарчай акрузе з 12.00 да 20.00 без перапынку, а нявыкарыстаныя бюлетэні штодня апячатваюцца пасля заканчэння галасавання. Галасаванне дома праводзіцца толькі пры ўказанні выбаршчыкам прычыны немагчымасці прагаласаваць на выбарчым участку”, — адзначыла дэпутат.
Паводле слоў Канапацкой, рыхтаваць законапраект восенню 2016 года пачала рабочая група прадстаўнікоў апазіцыйных сілаў. Пасля тэхнічных заўваг да дакумента ў кастрычніку 2017 года група спыніла працу. „У выніку чаго дапрацоўка дакумента ажыццяўлялася мною з памочнікамі самастойна”, — піша Канапацкая.
Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў на пасяджэнні 29 траўня адмовілася ўключаць прапановы прадстаўнікоў апазіцыі ў метадычныя рэкамендацыі для членаў участковых выбарчых камісій. Прапановы былі распрацаваныя кампаніяй па назіранні „Права выбару”. У прыватнасці, апазіцыйныя палітыкі прапаноўвалі дазволіць фота- і відэаздымку на участках для галасавання падчас падліку галасоў, а таксама дэманстраванне бюлетэня і абвяшчэнне выніку.
belapan.by