Эгідыюс Варэйкіс: Жадаем, каб Беларусь стала краінай Заходняй Еўропы



„Стратэгічнае жаданне” Літвы заключаецца ў тым, каб Беларусь стала „краінай Заходняй Еўропы”. Пра гэта заявіў намеснік кіраўніка камітэта па замежных справах сейма Літвы Эгідыюс Варэйкіс, выступаючы па відэасувязі з Вільняй у ходзе дыскусіі „Рэгіянальная бяспека і вучэнні „Захад-2017″: погляд з Вільні, Кіева і Менска”, якая прайшла 11 верасня ў Менску

Паводле яго слоў, цяпер у міжнароднай палітыцы Беларусь „бачыцца як сатэліт Расеі”, а ў міжнародных арганізацыях на краіну „заўсёды глядзяць як на саюзніка Расеі”. „У Беларусі самыя важныя рашэнні прымаюцца адным чалавекам. Пры гэтым не заўсёды ясна, што ён думае сёння і што будзе рабіць заўтра”, — адзначыў дэпутат.

Варэйкіс лічыць, што беларуска-расейскія вайсковыя вучэнні „Захад-2017” „па сутнасці не змяняюць нічога”. „Пасля іх палітыка Беларусі будзе вырашацца гэтак жа, як і цяпер”, — заявіў ён.

У Літве, паводле слоў дэпутата, лічаць, што Беларусь „не з`яўляецца дэмакратычнай краінай, што з яе рэжымам не зусім прыемна супрацоўнічаць”. „Тэхнічныя пытанні вырашаюцца, але мы не прызнаем парламент. Лукашэнка ва ўладзе больш за 20 гадоў. Эканамічныя сувязі паміж краінамі ёсць, але ў нас розныя геапалітычныя погляды”, — сказаў ён.

Варэйкіс паведаміў, што Літва глядзіць на правядзенне вучэнняў „Захад-2017” „сур`ёзна, але не панікуе”. „Ёсць розныя супярэчлівыя дадзеныя, колькі чалавек возьмуць у іх удзел. Гэта зніжае ўзровень даверу да iх правядзення”, — падкрэсліў ён.

Пры гэтым Варэйкіс не думае, што правядзенне вучэнняў скончыцца „сур`ёзнымі геапалітычнымі зменамі”. „Але сама палітыка вакол вучэнняў паказвае, што Беларусь не з`яўляецца самастойнай незалежнай дзяржавай. Усе ведаюць, што Расія можа зрабіць у Беларусі ўсё, што захоча. Вучэнні з`яўляюцца часткай палітыкі Расеі, якой выгадна, што вакол яе ствараецца нейкі хаос”, — сказаў ён.

Расейска-беларускія вучэнні „Захад-2017” пройдуць з 14 па 20 верасня. Агульная колькасць асабовага складу, які ўдзельнічае ў вучэннях, паводле афіцыйных дадзеных, складзе каля 12.700 вайскоўцаў. Пры гэтым на тэрыторыі Беларусі будзе задзейнічана каля 10.200 чалавек (ад Беларусі — крыху больш за 7 тысяч, ад Расеі — каля 3 тысяч), 370 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку каля 140 танкаў, да 150 адзінак артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню, больш як 40 самалётаў і верталётаў.

Шэраг замежных палітыкаў выказваюць асцярогі, што расейскія войскі могуць застацца ў Беларусі і стварыць тут магутную наступальную групоўку. Асаблівы непакой неаднаразова выказвалі з гэтай нагоды Украіна, Літва і Польшча.

belapan.by