Дэпутат Варанецкі ня згодны з пазіцыяй улады ў справе выбараў і пратэстаў
З крытыкай таго, як былі праведзеныя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі 9 жніўня, і рэакцыі ўлад на масавыя пратэсты пасля іх выступіў дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Валерый Варанецкі.
Увечары 3 верасня ён выступаў на сустрэчы з выбарцамі ў Менску. На думку дэпутата, за апошні час у грамадскай свядомасці адбыліся кардынальныя змены, звязаныя з тым, што беларусы «сталі сапраўды адчуваць сябе адной сям’ёй – нацыяй, адказнай за сітуацыю ў краіне».
На яго думку, трыгерам крызісу з’явілася тое, як былі праведзеныя прэзідэнцкія выбары, а менавіта, што яны не выклікаюць даверу ў грамадзян. Адказнасць за гэта ляжыць на ЦВК і ўладзе. Варанецкі сказаў, што «мы з вамі мелі права на тое, каб абурыцца» і што людзі маюць права на мірны пратэст.
Дэпутат выказаў шкадаванне з нагоды таго, што ўлады не пайшлі на дыялог, прызнаў, што яму вядомыя факты беззаконня з боку сілавікоў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: tut.by