Дэпутата Сойму не пусцілі на сустрэчу з прэм’ерам Эвай Копач (абноўлена)
На Падляшшы з двухдзённым рабочым візітам знаходзіцца прэм’ер польскага ўраду Эва Копач разам з усімі сябрамі кабінету міністраў. Яна, у прыватнасці, наведала праваслаўную школу ў гонар святых Кірыла і Мяфодзія.
Аднак на сустрэчу ў школу не пусцілі яе сузаснавальніка, былога дарадчыка прэзідэнта Польшчы па справах беларускай нацыянальнай меншасці і праваслаўнай канфесіі, на цяпершні момант дэпутата Сойму ад Грамадзянскай платформы Аляксандра Сасну, які ў кастрычніцкіх выбарах балатаецца ад аб’яднаных левых сілаў.
— Мне здаецца, што калі нехта прыходзіць у госці дык не гавораць: а ваш сын ці вашая жонка непатрэбныя і схавайце іх у шафу. Я так адчуў, што прыйшоў ваявода і сказаў, што гэта не кампанія, а працоўны візіт. А я ім кажу: я тут не ў якасці дэпутата, але сузаснавальніка школы, я сябра брацтва і былы сакратар і падмуркі гэтае школы закладалі я і іншыя сябры брацтва. А ваявода кажа: «Але я падпісаў дакумент і аддаў Вам гэтую школу». І мне проста стала сорамна. Я не хацеў махаць рукамі і кулакамі і як выхаваны чалавек выйшаў. Выходзіць, што прэм′ер Копач баіцца былога дэпутата ад сваёй партыі. Чаму мяне выкінулі я ведаю, бо я супраць Тышкевіча і нібы супраць «Грамадзянскай платформы». Усё выглядае нібы прыходзіць нехта да мяне у госці і кажа: я да цябе прыйду, але каб цябе там не было. Як гэта разумець? Я пакіну на ацэнку слухачам.
Мне казалі, што гэта не выбарчая кампанія, дык чаму тады не прыехалі 1 верасня ці 24 чэрвеня, калі мы заканчвалі навучальны год? Столькі гадоў было, каб «Грамадзянская платформа» наведала школу, але ніхто не прыязджаў. А сёння прыехалі і кажуць: дарога будзе праз 10 гадоў, да 2025 года. Яны ўжо дзесяць гадоў будуюць і яшчэ праз дзесяць пабудуюць, толькі я падазраю, што і да дваццаць пятага года гэтую дарогу не пабудуюць.
Усё гэта палітыка, але я ж і не думаў нешта казаць спадарыні прэм′ер: ні пра тое, што я былы дэпутат «Грамадзянскай платформы», ці скласці нейкую скаргу, ці бегаць, як некалі за першым сакратаром, шукаючы, як аддаць яму ліст пра тое, што хтосьці там арыштаваны і дапамажыце, бо, відаць, вы не чуеце. Я здагадваюся, што ўсё гэта рукі Тышкевіча, ці ваяводы, якія супраць маёй асобы і можа баяцца, што я забяру ў іх галасы, бо прэм′ер-міністр нават не ведала, буду я ці не…
Мяне туды запрасілі не як дэпутата, але як сузаснавальніка школы. Старшыня царкоўнага брацтва сказаў мне: прыходзь, бо гэта гонар для школы, калі прыязджае прэм′ер-міністр. А выйшла, што нашы мясцовыя ўлады, ваявода нават рукі мне не падаў…
Я дзесяць гадоў у брацтве і сем гадоў у школе і ані ваявода, ні той, ні другі, не прыйшлі адчыніць дзецям раніцай дзверы. Хадзіла спадарыня дырэктар, я, прафесар. А сёння мне кажуць, што я не маю права там быць.
Сакратар школы Марыёля Нікалаюк заявіла, што рашэнне аб недапушчэнні медыяў і дэпутатаў прымала не кіраўніцтва школы, але ўрадывы бок і падляшскі ваявода:
– Гэта было ўзгоднена з ваяводам і канцылярыяй прэм’ер-міністра, было такое ўказанне, што павінна быць толькі адна камера і больш ніякіх не павінна быць. Дакладна не ведаю, з якога тэлебачання была тэлекамера. Было ўказанне канцылярыі, што не павінна быць на сустрэчы ніякіх дэпутатаў. Гэта быў проста афіцыйны візіт прэм’ер-міністра, і яна не хацела палітызаваць сустрэчу і таму пажадала, каб не было ніякіх дэпутатаў.
Падляшскі ваявода Анджэй Мэйэр заявіў Аляксандру Сасне, што яго прысутнасць падчас візіту Эвы Копач у праваслаўнай школе – непажаданая, паколькі гэта не выбарчая, але рабочая паездка кіраўніка ўраду.
На сустрэчу не пусцілі таксама прадстаўнікоў мясцовых СМІ, сустрэчу здымала толькі ўрадавая тэлекамера.
Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя