Дэпутатка Канапацкая наведала Гародню
Сустрэчу з гарадзенцамі і сябрамі партыі правяла ў Гародні дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая.
Цяпер дэпутатка праводзіць турнэ па Беларусі з мэтай вызначэння найбольш праблемных пытанняў насельніцтва, адзначыў лідар АГП Анатоль Лябедзька:
– Мы з Ганнай Канапацкай такое перадкаляднае турнэ праводзім: Ворша, Берасце, Магілёў, Гомель, Гародня ды іншыя рэгіёны. Вельмі важна адчуць пульс жыцця. Добра, што Ганна Канапацкая не хоча быць кабінетным дэпутутам, які сядзіць у кабінеце, нават калі робіць там добрую справу. Вельмі важна адчуць пульс жыцця, мы зараз фармуем яе павестку дня на 2017 год. Было б вельмі добра, каб людзі падказвалі, якія пытанні найгалоўнейшыя.
Кажучы пра сваё стаўленне да праблемы беларускай мовы ў Палаце прадстаўнікоў і законатворчасці па-беларуску, Ганна Канапацкая падкрэсліла, што будзе падтрымліваць дэпутатку, прадстаўніцу Таварыства беларускай мовы Алену Анісім:
– І з Аленай Анісім, і я ўжо казала, што з іншымі дэпутатамі, вельмі добрыя працоўныя адносіны. Розныя палітычныя погляды, розныя погляды на эканоміку, на тое як павінна быць. Спадзяюся, што гэта не будзе перашкаджаць нам далейшаму плённаму супрацоўніцтву. Таксама ведаю беларускую мову, хацела б, каб былі беларускамоўныя навучальныя ўстановы, каб дзеці ведалі родную мову. Я ўжо нават абяцала Алене Анісім, што яна можа на мяне разлічваць.
Сярод праблем, якія назвалі прысутныя на сустрэчы: адсутнасць новых працоўных месцаў, карупцыя чыноўнікаў, алкагалізацыя, гульнявы бізнес і прапаганда тытуню, адсутнасць сацыяльных гарантый для людзей, якія даглядаюць за інвалідамі, зацягванне з адкрыццём паўнавартаснага малога памежнага руху.
Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі сфатаграфаваліся ў падтрымку тэлеканала „Белсат”.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня