Дэпутатка літоўскага Сейму пратэстуе супраць арышту Пятра Маркелава
Дэпутат сейма Літвы Аўшрыне Арманайтэ 11 снежня накіравала ў пасольства Беларусі ў Вільні ліст-пратэст супраць адміністрацыйнага арышту моладзевага актывіста, удзельніка руху Legalize Belarus Пятра Маркелава. Тэкст ліста апублікаваны на яе персанальнай старонцы на сайце літоўскага парламента.
„Беларускія ўлады і праваахоўныя органы павінны нарэшце прачнуцца і не чыніць перашкоды самым яркім і ідэйным прадстаўнікам моладзі, — адзначыла дэпутат. — Гэтыя маладыя людзі не павінны быць за кратамі, а павінны ўдзельнічаць у пабудове дэмакратычнай дзяржавы, якая паважае кожнага свайго грамадзяніна”.
У лісце на адрас пасольства парламентарый выказала занепакоенасць тым, што ў Беларусі адбываюцца арышты маладых людзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй у мэтах абмежавання свабоды выказвання думак. „Пастаянныя адвольныя арышты, затрыманні, неналежныя ўмовы ўтрымання затрыманых, абмежаванне свабоды слова, друку і пераслед журналістаў — гэта толькі некаторыя прыклады таго, што беларускія ўлады не абмяжоўваюць, а абараняюць”, — канстатавала Арманайтэ.
Яна адзначыла, што з 2014 года Еўрасаюз выдзеліў Беларусі 160 млн еўра „для правядзення рэформаў і дэмакратызацыі”, аднак краіне „не ўдалося дабіцца прагрэсу ў галіне правоў чалавека і дэмакратыі”.
Дэпутат заклікала палітычныя партыі, моладзевыя і няўрадавыя арганізацыі Літвы выказаць падтрымку і даць дапамогу сваім беларускім калегам.
9 снежня на пасяджэнні суда Маскоўскага раёна Мінска суддзя Таццяна Матыль прызнала Маркелава вінаватым у дробным хуліганстве і непадпарадкаванні міліцыі і асудзіла яго на 14 сутак арышту за інцыдэнт на выбарчым участку 17 лістапада, у асноўны дзень галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў.
Пётр Маркелаў — давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Станіслава Шашка — быў затрыманы на выбарчым участку № 286 па Паўднёва-Заходняй акрузе сталіцы № 99. Інцыдэнт на ўчастку пачаўся з таго, што Маркелаў і Шашок абурыліся вынікамі падліку галасоў. „Мы з назіральнікамі глядзелі і лічылі — толькі ў двух членаў камісіі галасоў за мяне было больш за 70. Я ў асноўны дзень перамагаў па ўсіх бюлетэнях, а старшыня камісіі мела нахабства сказаць, што ў мяне ўсяго 46 галасоў. Калі б яны гэтую лічбу агучылі па выніках датэрміновага галасавання, я б яшчэ мог сцярпець, але па асноўным дні я проста не мог маўчаць, яны ўсе нахабна хлусяць. Я па ўсіх бюлетэнях перамагаў”, — заяўляў БелаПАН Шашок.
Паводле яго слоў, яны запатрабавалі пералічыць галасы, Маркелаў уключыў відэаздымку і вёў трансляцыю ў „Фэйсбуку”. У адказ камісія выклікала супрацоўніка міліцыі. „На мае словы пра фальсіфікацыю выбараў супрацоўнік не рэагаваў. Мы працягвалі патрабаваць пераліку галасоў, а скончылася ўсё тым, што зайшлі чалавекі чатыры з міліцыі і чалавек у цывільным, які даваў ім каманды”, — расказаў Шашок.
Маркелава затрымалі і павезлі ў РУУС, Шашок быў прыцягнуты ў якасці сведкі.
У дачыненні да Маркелава былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы, пазней яго адпусцілі з міліцыі.
Фота з Facebook