Дэпутацкая сесія ў Бярозе: пасядзелі – разышліся



Такое ўражанне засталося ад 14-й сесіі дэпутатаў Бярозаўскага райсавета.

Тэма сесіі вельмі актуальная і важная: захаванне здароўя грамадзян і дэмаграфія. Але пасля дакладу намесніка галоўнага лекара мясцовага шпіталя Вячаслава Саковіча дэбатаў не атрымалася. Хіба толькі адзін дэпутат Уладзімір Сяргееў агучыў пажаданні і запыты яго выбаршчыкаў. Рабіць УЗІ сэрца дзецям на месцы, дабавіць пуцёвак на санаторна-курортнае лячэнне афганцам і перанесці аптэку з першага паверха паліклінікі на другі. Свае паслугі наконт пабудовы новай аптэкі каля шпіталя прапанаваў дэпутат – дырэктар Першамайскага камбікормавага завода Міхаіл Казека.

Гэта не вырашэнне сур’ёзных праблем з сардэчна-сасудзістымі і анкалагічнымі захворваннямі. Па анкалагічных захворваннях Бярозаўскі раён з вялікай перавагай лідзіруе ў Берасцейскай вобласці. Але гэта было прапушчана між вушэй дэпутатаў, кажа прысутная на сесіі сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Таццяна Тарасевіч:

– Дэпутаты ў выступе не былі зацікаўлены, бо было чутна, як хтосьці шукаў нешта ў тэлефоне, размаўлялі паміж сабой.

Члену Савета Рэспублікі Беларусь, дэпутату Палаты Прадстаўнікоў Віктару Чайчыцу сесія вельмі спадабалася:

– Мне вельмі спадабаліся паводзіны дэпутатаў, як жыва ўсё абмяркоўваецца, адчуваецца, што ўсе зацікаўлены, насамрэч жыццё наша стала лепш.

Віктар Чайчыц зрабіў некалькі прапаноў па барацьбе з п’янствам – дошкі ганьбы, у барацьбе з курэннем – біць рублём па кішэні курыльшчыкаў і павялічваць прэміі тым, хто не курыць. Не абмінуў увагай „закон аб адтэрміноўцы”. Як трэба заахвочваць і агітаваць за службу ў войску.

Беларускае Радыё Рацыя