Дэпутаты Еўрапарламента: Рэпрэсіі — не спосаб правядзення выбараў



„Рэпрэсіі, запалохванні і арышты — гэта не спосаб правядзення выбараў ці аб’яднання краіны, а толькі цынічны крок для ўтрымання ўлады любой цаной”, — гаворыцца ў заяве дэпутатаў Еўрапарламента ў сувязі з апошнімі падзеямі ў Беларусі.

Заяву падпісалі еўрадэпутаты Андрус Кубілюс, Анна Фатыга, Міхаэль Галер, Анджэй Вітальд Халіцкі, Сандра Кальніетэ, Мірыям Лексман, Зігфрыд Мурэшан, Радослаў Сікорскі, Віёла фон Краман-Таўбадэль.

„Падзеі ў Беларусі за апошнія тыдні прадэманстравалі, што грамадзяне Беларусі хочуць пераменаў, — адзначаецца ў заяве. — Гэта пацвярджаюць і аб’ектыўныя апытанні — людзі хочуць змены ўрада, зменаў у палітыцы. Пасля 26 гадоў кіравання Лукашэнкі ў краіне, што пацярпела ад пандэміі і эканамічных цяжкасцяў, людзі хочуць рэальных пераменаў. Гэта выразны сігнал, пасланы грамадзянскай супольнасцю Лукашэнку і сябрам Беларусі ў Еўропе”.

Змены ў Беларусі сапраўды неабходныя, лічаць еўрадэпутаты. „Яны не павінны палохаць ні беларускіх грамадзян, ні беларускія ўлады, — гаворыцца ў заяве. — Еўрапейскі Звяз гатовы дапамагчы Беларусі на шляху да гэтых непазбежных пераменаў. Але толькі Беларусь можа ўзяць на сябе адказнасць за тое, каб гэтыя змены сталі рэальнасцю”.

„Змены могуць азначаць змену кіруючага кіраўніцтва або змяненне палітыкі, што ажыццяўляецца людзьмі ва ўладзе, — адзначаюць еўрапарламентарыі. — Гісторыя сусветнай палітыкі дае нам некалькі прыкладаў, калі лідары, што доўга знаходзіліся ва ўладзе, мудра прыслухоўваліся да патрабаванняў пераменаў, якія мірна выказвалі грамадзяне, і самі ініцыявалі радыкальныя зрухі ў сваёй палітычнай праблематыцы, каб задаволіць гэтыя патрабаванні. Беларусь цяпер знаходзіцца ў сітуацыі, калі магчымыя абодва альтэрнатыўныя сцэнарыі”.

Еўрадэпутаты адзначаюць высокую падтрымку, якую беларускае грамадства дэманструе ў дачыненні да альтэрнатыўных кандыдатаў на гэтых выбарах. „Ёсць выразны падзел паміж тымі, хто хоча захаваць статус-кво, і тымі, хто імкнецца да рэальных перамен, — гаворыцца ў заяве. — Такім чынам, 9 жнiўня беларускі народ можа зрабіць сапраўды стратэгічны выбар: жыць, як і раней, або выбраць шлях разумных пераменаў. Абодва рашэнні беларускага народа будуць аднолькава законнымі і паважанымі пры ўмове, што яны будуць прынятыя падчас свабодных і справядлівых выбараў”.

Аднак магчымасць правядзення свабодных і справядлівых выбараў „шмат у чым залежыць ад асабістага рашэння Лукашэнкі”, падкрэсліваюць еўрадэпутаты. „Ці хопіць у яго мудрасці прыслухацца да патрабаванняў сваіх суграмадзян, ці ён вырашыць здушыць надзею на любыя перамены недэмакратычнымі адміністрацыйнымі сродкамі або нават сілай. Калі Лукашэнка абярэ першы варыянт і прыкладзе намаганні, каб прадэманстраваць, што ён чуе патрабаванне народа аб зменах, яму будзе дастаткова прытрымлівацца некалькіх асноўных прынцыпаў”, — гаворыцца ў заяве.

Сярод такіх прынцыпаў еўрадэпутаты называюць:

— спыненне пераследу палітыкаў, грамадскіх і палітычных актывістаў, патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, уключаючы Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыку, і вызваленне тых, хто цяпер знаходзіцца пад вартай, уключаючы Паўла Севярынца;

— дазвол рэгістрацыі кандыдатаў, якія сабралі неабходную колькасць подпісаў у сваю падтрымку, без стварэння якіх-небудзь адміністрацыйных перашкод;

— забеспячэнне роўных умоваў агітацыі для ўсіх кандыдатаў, у тым ліку ў сродках масавай інфармацыі;

— гарантаванне свабоднага, справядлівага і празрыстага выбарчага працэсу;

— публічнае абавязацельства дзейнага кіраўніка дзяржавы прыняць вынікі выбараў.

Еўрадэпутаты таксама прапануюць Лукашэнку паабяцаць, што калі ён пераможа на выбарах, то забяспечыць правядзенне свабодных і дэмакратычных парламенцкіх выбараў.

„Такая пазіцыя Лукашэнкі дазволіла б спадзявацца, што змяненне палітыкі ў Беларусі магчымае без змены дзейных асоб улады, — гаворыцца ў заяве. — Гэта таксама створыць умовы для таго, каб ЕЗ адкрыў дзверы для Беларусі, каб атрымаць дадатковыя выгады ад супрацоўніцтва і падтрымкі Усходняга партнёрства, якія тэрмінова неабходныя для Беларусі ў гэтыя беспрэцэдэнтныя часы, калі краіна пакутуе ад пандэміі і яе эканамічных наступстваў”.

Калі Лукашэнка праігнаруе голас сваіх суграмадзян і адмовіць ім у праве на свабодны выбар, дэпутаты Еўрапарламента маюць намер зрабіць „усё магчымае для таго, каб дэмакратычная супольнасць адрэагавала як мага больш рашуча асабіста на Лукашэнку, яго палітычнае асяроддзе і рэпрэсіўныя структуры”.

У заяве падкрэсліваецца, што ЕЗ не пацярпіць ужыванне рэпрэсій, і „яны будуць мець наступствы, уключаючы магчымыя мэтанакіраваныя санкцыі ў дачыненні да груп, пэўных асоб і арганізацый, а таксама будуць мець уплыў на рашэнні ЕЗ адносна фінансавай дапамогі Беларусі”.

„Мы спадзяемся, што гэтым разам у гэтым не будзе неабходнасці. Улады павінны прыслухоўвацца да голасу грамадства, якое патрабуе пераменаў. Тыя, хто не хочуць чуць, застануцца на ўзбочыне гісторыі. Тыя, хто прыслухоўваюцца і выконваюць патрабаванні, даказваюць, што маюць мудрасць дзяржаўнага дзеяча. У адваротным выпадку яны павінны заплаціць за наступствы сваіх дзеянняў. Беларусь — моцная і важная еўрапейская дзяржава. Моцныя дзяржавы не баяцца пераменаў. Перамены палохаюць толькі тых, хто слабы”, — гаворыцца ў заяве.

belapan.by