Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі шэраг рэпрэсіўных законаў
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў другім чытанні шэраг законаў, якія робяць заканадаўства больш жорсткім. Былі прынятыя праўкі ў закон аб пытаннях супрацьдзення экстрэмізму. Згодна з ім уводзіцца адказнасць за ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні і фінасаванне экстрэмісцкай дзейнасці. Як паказвае практыка дзейнасці МУС апошніх месяцаў, экстрэмісцкім фармаваннем могуць прызнаць нават дваровы чат.
Таксама ўводзіцца адказнасць за распаўсюд „заведама ілжывых звестак пра палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае, ваеннае і міжнароднае становішча Беларусі, прававое становішча грамадзян, дзейнасць дзяржаўных органаў улады і кіравання ў публічных выступах, у тым ліку ў СМІ і інтэрнэце”.
У другім чытанні прынятыя праўкі ў закон па нацыянальнай бяспецы. Згодна з імі, напрыклад, міліцыя будзе лічыцца ваенізаванай арганізацыяй. Таксама ў другім чытанні прынятыя праўкі ў закон аб абароне суддзяў і службовых асоб. У пералік такіх асоб дадалі новую катэгорыю — „іншыя асобы, якія падлягаюць дзяржаўнай абароне ў сувязі з замахам на іх бяспеку”. Раней гаварылася, што пад такую абарону могуць трапіць супрацоўнікі дзяржаўных СМІ.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: ПЦ „Вясна”