Дэпутаты Сейма заклікалі аднавіць праграму Каліноўскага



У Сейме прайшла канферэнцыя дэпутатаў “Грамадзянскай платформы” ў сувязі з сітуацыяй у Беларусі. Палітыкі распавялі польскім медыя пра хвалю рэпрэсій, у тым ліку пра масавыя арышты і збіццё нязгодных з палітыкай рэжыму Лукашэнкі. Апазіцыйныя дэпутаты адзначылі, што рэакцыя польскага МЗС на беззаконне ў Беларусі была недастатковай. Сярод іншага, дэпутат Робэрт Тышкевіч заклікаў урад тэрмінова аднавіць старыя правілы набору на праграму імя Каліноўскага:

– Зноў маем сярод беларускіх студэнтаў такіх, якіх пераследуюць. Таму звяртаемся да міністра адукацыі і польскага ўрада, каб была вернута праграма Каліноўскага ў такім выглядзе, як яна функцыянавала ў часы нашага кіравання, а менавіта адрасаваная звычайным студэнтам беларускіх навучальных устаноў, адкуль іх адлічылі і пераследуюць.

Таксама Робэрт Тышкевіч узгадаў пра рэпрэсіі супраць беларускіх журналістаў і заклікаў улады Польшчы неадкладна забяспечыць стабільнае і надзейнае фінансаванне тэлеканала “Белсат”.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава