Дэрусіфікацыя ад Пуціна і Лукашэнкі



Давялося паразмаўляць з маладой францужанкай. Кажа, спецыялізуюся на вывучэнні расейскай літаратуры 19 ст. Я іранічна ўсміхнуўся і адмоўна пахістаў галавой. Яна адказала, што разумее.

Справа не ў літаратуры, а ў тым, што мода на расейшчыну знікае на вачох. Русафільства французаў мае карані ў тым самым 19-м ст, бо расейская культура прамаўляла французскімі культурнымі кодамі. Нямецкае – пасляваеннае, звязанае з пакаяннем.

А ў этнасаў, якія былі ў складзе Расеі, русафільства прагматычнае, маўляў, абіраем больш моцнага. Але часцей інерцыйнае.

І вось з кожным злачынствам пуцінскага рэжыму я бачу як толькі ў маім асяроддзі людзі пераходзяць на беларускую мову.

Нежаданне асацыявацца з расейшчынай штурхае людзей звяртацца да каранёў сваіх бабуль і дзядуляў.

Лукашэнкаўскія ідэолагі таксама аперуюць гістарычнымі каранямі.

Толькі там усё ўпіраецца ў Другую сусветную вайну.

Паколькі канцэпты пішуцца пад Лукашэнку, то ўзровень ідэалогіі максімальна прымітыўны. Вайна, фашысты, партызаны.

А вось расейшчыну ўжо не ўключыш.

Не здарма рускамірцы з «Рэгнума» калісьці вінавацілі Лукашэнку ледзь не ў беларускім нацыяналізме. Бо не прасоўваў расейшчыну.

У рускамірцаў Кастусь Каліноўскі вораг-паляк. Падобнае ў Азаронка часам міргае – копіпаст з крамлёўскіх наратываў.

Падобныя да Азаронка «тожа рускія» усё глыбей правальваюцца ў нару сваіх фантазій, далёкіх ад агульнага трэнду дэрусіфікацыі свядомасці.

Справа не толькі ў культурных кодах. Расея відавочна прайграе. Бо для як бы другой арміі свету таптацца ў развязанай вайне ва Украіне – гэта ідэалагічны пройгрыш.

Ад расейцаў чакалі бліцкрыг, а пабачылі адступленне, якое прадэманстравала трупы мірных жыхароў.

Забойствы і марадзёрства, адступленне і няздатнасць пацвердзіць міф пра сваю магутнасць. З такім ніхто асацыявацца не захоча.

Дэрусіфікацыя будзе адбывацца і ў самой Расеі. Прагноз на адраджэнне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці даюць практычна ўсе аналітыкі. Розніца, хіба, у ацэнках па часе. Часцей гавораць пра Каўказ і Татарстан як першых на выхад з-пад кантролю Крамля.

У 1990-м годзе ніхто не думаў, што распадзецца Савецкі Саюз, а праз год яго не стала.

Шмат якія рэчы, якія падаюцца фантастычнымі, здараліся досыць хутка. І ў магчымасць поўнамаштабнай вайны ніхто не верыў.

Пуцін з сваім сатэлітам Лукашэнкам прыспешыў апісаныя вышэй працэсы. Свабоднаму свету трэба цяпер дапамагчы дэрусіфікаваць прастору.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя