Die Welt: Спрэчка ўладаў Беларусі з Польшчай — гэта таксама справа ЕЗ
Польшча чакае салідарнасці з боку ЕЗ па справе пераследу польскай меншасці ў Беларусі.
Улады Беларусі жорстка распраўляюцца з польскай нацыянальнай меншасцю. Варшава пагражае наступствамі — нават калі б мусіла ажыццяўляць іх самастойна. Абвастрэнне спрэчкі прымушае Брусель заняцца справай, нягледзячы на разгар трэцяй хвалі каронавіруса, піша Філіп Фрыц у нямецкай газеце Die Welt, якую цытуе польскае выданне Dziennik Gazeta Prawna.
“Дзеянні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненні да лідараў польскай меншасці выклікаюць занепакоенасць сярод палякаў у Беларусі(…) Пра тое, што іх боязі абгрунтаваныя, сведчаць не толькі арышты, але і іншыя спосабы запалохвання. Напрыклад, беларуская журналістка Ганна Любакова паведамляе, што дырэктараў моўных школ у Беларусі просяць паведаміць уладам пра вучняў, якія вывучаюць польскую мову”, — адзначае газета.
Рэакцыя польскай сталіцы на дзеянні беларускага рэжыму была неадкладная. Прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі прыгразіў “эканамічнымі крокамі” з мэтай вызвалення “закладнікаў рэжыму”. У інтэрв’ю газеце Die Welt намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач запэўніў, што эскалацыя дзеянняў беларускага рэжыму не застанецца без адказу. Польскі палітык нагадаў, што ЕЗ — як супольнасць не можа заплюшчыць вочы на тое, што адбываецца ў Беларусі. Польшча больш чакаць рэакцыі ЕЗ не будзе. Краіна ўвяла санкцыі супраць суддзі, які вядзе працэс над старшынёй Саюза палякаў Беларусі, пацвердзіў Пшыдач.
“Рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць польскай меншасці — яшчэ адзін этап эскалацыі канфлікту ў Беларусі. Дыктатар не толькі атакуе этнічную меншасць, але і імкнецца да таго, каб канфлікт атрымаў “двухбаковы” характар, накіраваны супраць польскага ўрада — сябра ЕЗ”, — піша штодзённік.
Гэта праблема для Еўразвяза. Газета нагадвае, што нават на жорсткае падаўленне паслявыбарчых пратэстаў у Беларусі, еўрапейцы знайшлі адказ позна, пасля жорсткіх спрэчак, а ўведзеныя санкцыі былі адносна мяккія.
Цяпер салідарнасці ЕЗ патрабуе Польшча, а ўсё гэта ў той час, калі Еўракамісія ў асноўным займаецца крызісам, выкліканым пандэміяй каронавіруса. “Аднак, у сітуацыі адсутнасці хутка ўзгодненай пазіцыі ЕЗ, Польшча вымушана дзейнічаць самастойна. Тым часам існуе пагроза эскалацыі напружання паміж Варшавай і Менскам”, — перасцерагае газета.
У адказ на пытанне выдання, дэпутат Еўрапарламента ад партыі “Зялёныя” Віёла фон Крамон-Таўбадэль адназначна заявіла, што паводзіны рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да польскай меншасці — гэта міжнародны дыпламатычны скандал, які павінен быць жорстка асуджаны міжнароднай супольнасцю. “Варшава вітае такія заявы, але яны не заменяць канкрэтных дзеянняў”, — падкрэслівае аўтар тэксту ў нямецкага штодзённіку Die Welt.