Для Браслаўскага раёна Лукашэнка прапаноўвае пашыраць фермерства
Аляксандр Лукашэнка 18 верасня прыняў шэраг кадравых рашэнняў, паведамляе прэс-служба беларускага прэзідэнта. Сярод новых прызначэнцаў і шэраг кіраўнікоў раённых адміністрацый. Новы старшыня з’явіўся і ў Браслаўскім райвыканкаме, ім стаў Аляксандр Баданін.
Новыя кіраўнікі райвыканкамаў „людзі не выпадковыя і талковыя”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 18 верасня падчас кадравых прызначэнняў.
„Краіну камусьці трэба браць у рукі (гаворка аб падрыхтоўцы і прасоўванні новага пакалення перспектыўных кіраўнікоў) і не страціць яе, каб сапраўды мы былі незалежныя і суверэнныя. Не на словах, а на справе”, — сказаў Лукашэнка.
Што тычыцца Браслаўскага раёна, то Лукашэнка нагадаў, што па развіцці гэтага рэгіёну прымалася шмат рашэнняў. „Яны так сабе працуюць. Звярніце ўвагу на тое, каб кожны кавалачак зямлі працаваў. А тое, што ён працаваць можа, я пераканаўся ў гэтым годзе. Зразумела, што і Мёрскі, і Браслаўскі раён — гэта не Слуцкі раён. Праблемы там іншыя — дробнаконтурнасць, не тая ўрадлівасць”, — сказаў Лукашэнка.
Ён адзначыў, што раней прапаноўваў падумаць над тым, каб у Браслаўскім раёне, улічваючы мясцовыя асаблівасці, больш актыўна развіваць фермерскія гаспадаркі. „Ну так… паслухалі, і, я кажу, так сабе. Таму вы паглядзіце, як задзейнічаць кожны кавалачак зямлі”, — загадаў Лукашэнка новаму старшыні райвыканкама Аляксандру Баданіну.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што хоць па шэрагу магчымасцяў у развіцці сельскай гаспадаркі паўночныя землі ў Беларусі адстаюць ад паўднёвых раёнаў, аднак там ёсць свая прыгажосць і тое, на чым можна зарабляць грошы. „Браслаўскі раён трэба падымаць. Гэта жамчужына нашай Беларусі”, — сказаў Лукашэнка.
Паводле belapan.by