Для Лукашэнкі рыхтуюць Нюрнбергскі працэс
У Нюрнбергу 11 кастрычніка адбудзецца канферэнцыя па злачынствах цяперашняй улады Беларусі.
Прававую канферэнцыю, на якой плануецца абмеркаваць магчымыя варыянты прыцягнення ўладаў Беларусі да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці, ініцыюе Народнае антыкрызіснае кіраванне. Гэта арганізацыя, створаная адным з лідараў беларускага пратэсту экс-дыпламатам і былым міністрам культуры Паўлам Латушкам, які ў нашым эфіры распавёў аб прычынах правядзення канферэнцыі ў Нюрнбергу:
– Прычыны гэтага гвалту – гэта тыя злачынствы, якія ажыццяўляе рэжым у адносінах да беларусаў і беларускага народу асабліва за апошні год. Менавіта гэта з’яўляецца падставай для правядзення міжнароднай канферэнцыі. Яна будзе мець перадусім прававы характар, на яе мы таксама запрашаем палітыкаў, грамадскіх дзеячаў.
Таксама ў канферэнцыі будуць удзельнічаць дэпутаты Еўрапарламента і нацыянальных парламентаў, распавёў аб запрошаных удзельніках Павел Латушка:
– Таксама прадстаўнікі буйнейшых праваабарончых арганізацый, ну і зразумела адвакаты. Адвакаты, якія займаюцца канкрэтнымі крымінальнымі справамі звязанымі з гвалтам у адносінах да беларусаў, разгляд якіх ужо пачаўся ў Польшчы, Літве, Германіі, таксама плануецца пачаць у Чэхіі, спадзяёмся, што і ў іншых краінах. Таксама адвакаты практыкі, якія могуць нам даць накірункі далейшай працы і ўзаемадзеяння.
Па выніках канферэнцыі ў Нюрнбергу плануецца прыняць адпаведны стасоўны дакумент, які фактычна акрэсліць „дарожную мапу” далейшых дзеянняў накіраваных на прыцягненне рэжыму да крымінальнай адказнасці за ўчыненыя злачынствы, дадаў Павел Латушка.
Беларускае Радыё Рацыя