Для Пуціна заканчэнне эпохі Лукашэнкі было б прымальным
Экс-прэзідэнт Польшчы Аляксандр Квасьнеўскі лічыць, што Уладзімір Пуцін не трымаецца двума рукамі за Аляксандра Лукашэнку. У палітыка «няма ніякіх сумневаў, што Пуцін не можа і прадставіць сітуацыю, пры якой Беларусь выйдзе са сферы ўплыву Расеі».
«Ён не можа і не прыме гэта і выкарыстоўвае ўсе сродкі, каб утрымаць Беларусь».
Аднак сілавыя дзеянні на тэрыторыі суседняй краіны на думку Кваснеўскага «не лепшае рашэнне».
«Для яго лепшым рашэннем і лепшым сцэнаром была б (не пад уздзеяннем пратэстаў, вядома) стабілізацыя сітуацыі і замена Лукашэнкі. Лукашэнка не яго герой, ён не лепшы сябар Пуціна», – заявіў Квасьнеўскі ў інтэрв’ю Бі-бі-сі.
Ён упэўнены, што для Пуціна «канец эпохі Лукашэнкі быў бы прымальным, калі б знайшоўся хтосьці, хто б яго замяніў».
Зразумела, лічыць экс-прэзідэнт Польшчы, гэты хтосьці павінен быць «даволі прарасейскім, каму Пуцін бы давяраў».
Далей, мяркуе Квасьнеўскі, новы лідар Беларусі паспрабуе дамовіцца з апазіцыяй, правесці рэформы і новыя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: wtv.pl