ДНР уводзіць талонную сістэму



У непрызнанай ДНР пачынаецца прадуктовы крызіс. У Макееўцы, якая знаходзіцца на тэрыторыі самаагалошанай рэспублікі, ужо размяркоўваюць карткі на прадукты і прамысловыя тавары. Пра гэта паведамляе ўкраінскі 24-ты канал.

Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

– Карткі, якія выдаюць на прадпрыемствах Данбаса, вельмі нагадваюць талоны часоў позняга СССР. Называюцца яны “Сацыяльная карта Данецкай Народнай Рэспублікі”. Згодна гэтай сацыяльнай карты, кожны працоўны ДНР і член яго сям’і маюць права атрымаць на месяц 150 грамаў алею, 500 грамаў крупы, столькі ж мукі і цэлы рулон туалетнай паперы. Норма цукру – 250 грамаў на месяц, норма сметанковага масла складае ўсяго 25 грамаў, і гэта ў 10 разоў менш, чым належыць вязню ўкраінскай турмы.

“Сацыяльная карта ДНР” выдаецца на прадпрыемствах, з разліку адна картка на аднаго супрацоўніка і трох членаў яго сям’і.

Але такіх прадпрыемстваў у непрызнанай рэспубліцы засталося няшмат. З улікам масавага беспрацоўя ў ДНР можна сказаць, што большасць дарослага насельніцтва не будзе ахопленая карткавай сістэмай.

Талонная сістэма ўводзіцца на тэрыторыі непрызнанай ДНР ужо з сакавіка.

2016-02-12_achromienka_kryzis_praduktovy_dnr

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота 24tv.ua