Алесь Лобан запрашае беларусаў на назіранне
Доктар Алесь Лобан, якога прымусова завезлі ў шпіталь, каб лячыць ад каронавіруса, цяпер уваходзіць у ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі.
Алесь Лобан лічыць, што адным з крокаў грамадскай актыўнасці грамадзян павінен быць удзел гарадзенцаў ва ўчастковых камісіях і ў назіранні:
– Кантроль можа быць, па-першае, можна ісці ў сябры ўчастковых камісій, а другое, гэта станавіцца назіральнікам. Паміж гэтымі рэчамі ёсць вельмі вялікая розніца. Канешне той, хто стане сябрам участковай выбарчай камісіі, ён мае значна больш правоў, значна больш магчымасцяў. Але ён павінен і працаваць у той камісіі. Гэта трэба рабіць хутка таму, што апошні дзень падачы дакументаў – гэта 21 чэрвеня.
Па словах Алеся Лобана, стаць назіральнікам можна дзякуючы ініцыятыве „Шчырыя людзі”:
– Платформа, якая называецца „Шчырыя людзі”, там ёсць формы, якія можна запоўніць. Яны абяцаюць праз пэўны час даслаць назад ужо гатовыя дакументы для падачы ў выканкам. Ёсць два асноўныя шляхі – гэта вылучэнне ад нейкай грамадскай арганізацыі ці ад палітычнай партыі. Гэта такі прыярытэтны шлях таму, што камісія павінна, як мінімум на адну траціну складацца з людзей, якія вылучаныя грамадскімі арганізацыямі, або палітычнымі партыямі. Калі няма магчымасці гэта зрабіць, то тады шляхам збору подпісаў грамадзянаў.
Падобныя ініцыятывы таксама існуюць у камандах іншых прэтэндэнтаў. Прадстаўнікі групы Андрэя Дзмітрыева некалькі дзён таму прадставілі сайт, дзякуючы якому можна стаць назіральнікам. Сябры ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай прапануюць грамадзянам стаць назіральнікамі. У тэлеграм-канале Валерыя Цапкалы таксама ідзе актыўны запіс на назіранне.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча