Дональд Трамп: „Амерыка – перш за ўсё!”
20 студзеня 2017 года, адбылася інаўгурацыя прэзідэнта Дональда Трампа. Для Амерыкі гэта гістарычны дзень. Цяпер бальшыня амерыканцаў (нават шмат якія, што не галасавалі за Трампа) спадзяецца, што нарэшце Амерыка ўздыхне вольна і вернецца зноў сацыяльная справядлівасць для тых, хто працуе і плаціць падаткі, што можа зноў вернецца здаровы сэнс у сацыяльныя дачыненні, і людзі нізкіх маральных якасцяў не будуць вызначаць каштоўнасці.
Прэзідэнт Трамп сказаў выдатную інаўгурацыйную прамову і ў першы ж дзень пачаў выконваць свае прапановы пераменаў. Ён падпісаў указ аб неабавязковасці людзям плаціць падаткі і штрафы за медыцынскую страхоўку „Абама-кер” (дакладней, за яе некуплянне). А гэта, бадай што, галоўнае, ад чаго трэба было адразу вызваліць амерыканцаў. Па абсурднасці і рабаўніцтве ўказ Абамы пра „Абама-кер” можна толькі параўнаць хіба што з антынародным рэжымным указам пра „дармаедаў” у Беларусі.
Тым часам ліберал-апаненты Трампа дэманстравалі свой нізкі ўзровень у палітыцы. Групы, па ўсім відаць, нанятых людзей (100-150 асобаў) у масках, апранутыя ў чорнае, разбівалі шыбы, вітрыны, шкло аўтамабіляў на вуліцах у той час, як Амерыка вітала ўступленне Трампа на пасаду прэзідэнта. Чароды ліберальнай моладзі, ачмураныя збочанай ліберальнай прафесурай, з экстрэмісцкімі лозунгамі ды сімваламі гомасэксуалістаў маніфеставалі сваю абстрактную нянавісць да новага прэзідэнта. Гэтую адвязаную публіку трэба было бачыць. Самыя папулярныя плакаты – выявы жаночых палавых органаў з надпісамі тыпу: «Няхай жыве…» (назва палавога органа) альбо: «Сэкс – гэта таксама праца».
Ліберал-дэмакраты, фінансава падтрыманыя Сорасам, стараліся арганізаваць абсурдныя ліберальныя пратэсты супраць таго, чаго не існуе, але яно ім здаецца.
У аснове тут – нянавісць да Трампа. Яны баяцца, што Трамп можа спыніць сацыяльны абсурд і ліберальную вакханалію ў Амерыцы. Рэчаіснасць паказвае, што гэтым „дэмакратам” у двукоссі не абходзяць ні традыцыі амерыканскай дэмакратыі, ні вынікі выбараў, ні лёс, ні будучыня Амерыкі. Галоўнае – гэта іхныя задавальненні і каб было так, як яны хочуць. Іхная нянавісць да здаровага сэнсу перманентная. Яны чуюць толькі сябе, свае страхі і пажаданні. Збачэнцы, сацыяльна неадэкватныя людзі, багема ды сацыяльныя паразіты (а іх мільёны) асцерагаюцца, што могуць страціць прывілеяванае становішча ў крызісным грамадстве, ды і сам сацыяльны крызіс (які выштурхнуў наверх нізкія інстынкты) можа скончыцца.
Я, аднак, тут моцна сумняваюся ў хуткім развязанні такога крызісу. Для таго, каб за кароткі час спыніць сацыяльны ўпадак Амерыкі, спатрэбяцца вельмі жорсткія захады. У тэарытычным сэнсе патрэбная не толькі адпаведная сацыяльна-эканамічная палітыка, але таксама цвёрдая дыктатура справядлівага закона і моцнай кіруючай асобы, якая загнала б нечысць назад у падполле і ўзняла б угару здаровыя сілы. Аднак да гэтага па прыродзе сваёй (як я мяркую) не гатовая ні разбэшчаная лібералізмам палова амерыканскага грамадства, ні прэзідэнт Трамп, які (мне здаецца) яшчэ цалкам не ўяўляе, якую планетарную багну ён ускалыхнуў, што наперад абзывае яго дыктатарам. (Нобель авансам яго не чакае, толькі лямант сусветны). Сітуацыя крыху нагадвае позні Рым, калі ашалелы люмпен, распаўсюджаны, як пясок марскі, дыктаваў волю рымскай уладзе. Тады прыходзіў дыктатар і наводзіў „парадак”. Потым дыктатара скідалі, і вярталася дэмакратыя. Але Рым тое не ўратавала.
Мне здаецца, што прыход Трампа – гэта будзе якраз адчайная спроба ўратаваць і адрадзіць здаровую традыцыйную Амерыку, тую Амерыку, якую закладвалі Вашынгтон, Джэферсан і ў пэўнай ступені нават наш агульны нацыянальны герой Андрэй Тадэвуш Касцюшка. Лозунг змагарных штатаў часоў Джэферсана і Касцюшкі быў такі: „Амерыка для амерыканцаў!” (але не для Брытанскай кароны). Потым Янка Купала паўторыць: „Беларусь для беларусаў!” (але не для расейскага цара).
Сімптаматычна, што, плануючы адраджэнне моцнай, вольнай, справядлівай, сацыяльна здаровай Амерыкі, Дональд Трамп ужывае такі ж самы лозунг, якім кіраваліся беларускія змагары з імперскім царызмам і маскоўскімі бальшавікамі: „Беларусь – перадусім!”
„Амерыка – перш за ўсё!” – гэта было сказана на інаўгурацыі. Гэтая перыфраза з XVIII стагоддзя – вельмі сур’ёзная заяўка, каб казаць яе толькі дзеля прамоўніцкага эфекту. Думаю, што гэта сур’ёзна. І дай Божа, каб тое ўдалося.
У справе свабоды Амерыка заўсёды была наперадзе ўсіх. Рабіла тое, што ёй трэба дзеля лепшага існавання, і не пераймалася, што кажуць пра тое яе ворагі. Так і нам, беларусам, асабліва цяпер, трэба памятаць, як „Ойча наш”, што калі хочам шчасця і свабоды, тады Беларусь – перадусім! Мусіць быць Беларусь – перадусім.
Аднак з усяго, што мы бачым і чуем цяпер у Амерыцы, для нас, беларусаў, важнае толькі адно пытанне – стаўленне новай адміністрацыі ЗША да агрэсіўнай палітыкі Расеі і дапамога Украіне ў абароне ад маскоўскай агрэсіі. Ад гэтага якраз будзе значна залежаць наша беларуская свабода і бліжэйшая будучыня.
Усё паказвае на тое, што новая адміністрацыя Амерыкі павінна заняць разумную пазіцыю, бо падтрымаць Украіну і задушыць пуцінскую гэбісцкую дыктатуру ў Маскоўшчыне (якая пагражае ўсяму свету) – тое якраз у інтарэсах Амерыкі ды і ўсяго здаровага чалавецтва. Ужо бліжэйшыя падзеі і захады пакажуць, як павернуцца гэтыя дачыненні.
22 студзень 2017 г. Зянон ПАЗЬНЯК